24 красавiка 2024, Серада, 12:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Праект аб выбарах-2010 перамог на «Прэс-фота Беларусі - мультымедыя»

2

Мультымедыйны праект Аляксандра Васюковіча, прысвечаны прэзідэнцкім выбарам 2010 года, перамог на першым конкурсе «Прэс-фота Беларусі - мультымедыя».

Пераможцу падарылі новы аб'ектыў Canon EF 16-35 II і дыплом, піша TUT.by.

Юрый Козыраў (злева) уручае дыплом Аляксандру Васюковічу.

На цэрымоніі ўзнагароджання аўтар прызнаўся, што, як і многія прысутныя ў зале, 19 снежня спадзяваўся на нейкія перамены. «Я памятаю драйв ад таго, што спачатку кампанія праходзіла даволі ліберальна, людзі маглі збірацца на вуліцах, праводзіць агітацыю, шмат маіх знаёмых прысвяцілі сябе гэтай справе, са шматлікімі я пазнаёміўся. Усе яны рызыкнулі сваім звыклым жыццём дзеля пераменаў. А атрымалася тое, што атрымалася», - сказаў Аляксандр Васюковіч.

На цэрымоніі ўзнагароджання прысутнічаў Юрый Козыраў, чатырохразовы пераможца World Press Photo, які ў нядзелю правёў адкрытую лекцыю для фатографаў і разбор здымкаў.

Юрый Козыраў сказаў:

- Я адкрыў новыя імёны. Тут вельмі шмат добрых фатографаў. Цудоўна, што вы ўмееце бачыць свет. Я бачыў усе чатыры гісторыі. Яны цудоўныя, багатыя і самабытныя. Мультымедыя - новы жанр, ні ў якіх падручніках яшчэ не напісалі, як гэта павінна выглядаць. Хлопцы, якія сёння сталі лаўрэатамі, прабіваюць новую дарожку, паказваюць нам, як можна зрабіць такія рэчы. Мультымедыя - гэта дзіўная магчымасць даць голас людзям, акрамя таго, яно дазваляе быць аўтарам ад пачатку і да канца.

Другое месца заняў Максім Сарычаў з мультымедыя пра сацыяльны рух «Ежа замест бомбаў». Па словах аўтара, гэтая гісторыя пра тое, як просты чалавек можа змяніць нешта вакол сябе.

Трэцяе месца дасталася Андрэю Лянкевічу, які працаваў над тэмай «Паганства». Андрэй пры дапамозе фатаграфіі паказвае паганскія традыцыі і звычаі, якія да гэтага часу існуюць у Беларусі. Большасць традыцыяў знікае альбо ўжо зніклі ў 60-70-я гады мінулага стагоддзя, у некаторых вёсках іх памятае толькі адна, найстарэйшая жыхарка.

Фотапартал Zнята заахвоціў спецыяльным дыпломам працу Анастасіі Сычук аб інвалідзе, які некалькі гадоў таму застаўся без ног. Падчас уручэння Анастасія прызналася, што спадзяецца, што гэтая гісторыя стане невялікім штуршком для таго, каб адносіны да інвалідаў у нашай краіне змянілася.

Вадзім Заміроўскі, арганізатар конкурсу «Прэс-фота Беларусі», сказаў:

- Хоць я і не член журы, але я задаволены вынікам. Гэтыя працы мы ўжо паказвалі на двух апошніх выставах «Беларусь прэс-фота», не называлі месцаў, але мультымедыя ішло на экранах. Работ пакуль было пададзена няшмат, мы спадзяемся, што ў наступным годзе іх стане больш. Напрамак перспектыўны, трэба яго развіваць і падтрымліваць.

Групавы партрэт пераможцаў, арганізатараў і журы «Прэс-фота Беларусі - мультымедыя» 2012.

Мультымедыя - гэта невялікі фільм, складзены з фотаздымкаў, а таксама забяспечаны гукам, тэкстам і відэаўстаўкамі. Гэты жанр прыцягвае фатографаў шырокімі магчымасцямі для эксперыментаў над формай расповеду гісторый.

Конкурс сярод аўтарскіх мультымедыйных праектаў у рамках «Прэс-фота Беларусі» праводзіцца ўпершыню. У гэтым годзе ў ім удзельнічалі 11 чалавек, якія даслалі 14 прац. Для большай аб'ектыўнасці вынікаў у склад журы запрасілі спецыялістаў з розных краін.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках