20 красавiка 2024, Субота, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таджыкістан прыняты ў СГА

32
Таджыкістан прыняты ў СГА

Пратакол аб наданні краіне сяброўства ў арганізацыі падпісаны ў панядзелак прэзідэнтам Эмамалі Рахмонам і генеральным дырэктарам СГА Паскалем Ламі.

Пра гэта паведаміў сакратарыят Арганізацыі па сканчэнні спецыяльнай сесіі генеральнай рады СГА, паведамляе «Інтэрфакс».

Цяпер да 7 чэрвеня 2013 г. парламент Таджыкістана павінен ратыфікаваць падпісаны пратакол, што будзе азначаць прыняцце рэспублікай усіх умоў арганізацыі. Праз 30 дзён пасля ратыфікацыі Таджыкістан стане паўнапраўным сябрам СГА.

«Еўразвяз з вялікім задавальненнем вітае Таджыкістан у якасці новага сябра сям'і СГА», - падаюцца ў паведамленні словы прадстаўніка ЕЗ у гандлёвых пытаннях Карэла дэ Гюхта.

«Я цалкам веру, што прыняцце Таджыкістана стане сапраўды галоўным рухавіком эканамічнага развіцця Цэнтральнай Азіі», - дадаў ён.

Таджыкістан стаў другой краінай у рэгіёне пасля Кіргізіі, якая была прынятая ў СГА. Пры гэтым лідар рэгіёну ў суме прывабленых інвестыцый Казахстан пакуль сябрам СГА не з'яўляецца. Таджыкістан стаў таксама другой пасля Расеі постсавецкай дзяржавай, якая стала чальцом СГА ў гэтым годзе.

Таджыкістан падаў заяўку на ўступ у СГА ў траўні 2001 года. Усе гэтыя гады ішлі перамовы Таджыкістана з краінамі-чальцамі СГА, якія патрабавалі ад Душанбэ лібералізацыі заканадаўства што да замежнага гандлю, інвестыцый, зніжэння мытаў.

У верасні сёлета ў Таджыкістане быў прыняты новы Падатковы кодэкс, што прадугледжвае значную лібералізацыю заканадаўства, якое дастасоўваецца да патрабаванняў СГА. Кодэкс увойдзе ў дзеянне 1 студзеня наступнага года. У прыватнасці, колькасць найменняў падаткаў у новым кодэксе скарочаная з 21 у дзейным кодэксе да 10, а з 1 студзеня 2017 года - да 9. Да 2017 года прадугледжана змяншэнне стаўкі падатку на прыбытак для вытворцаў прадукцыі з дзейных 15% да 13%, а для іншых тыпаў дзейнасці - з 25% да 23%.

Таджыкістан стане 159-м сябрам гэтай арганізацыі. Дзейных чальцоў СГА налічваецца 157, але на мінулым тыдні ў арганізацыю быў прыняты Лаос, які пакуль не ратыфікаваў пратакол. З постсавецкіх краін у СГА ўваходзяць Арменія (прынятая ў 2003 годзе), Грузія (2000), Кыргызстан (1998), Латвія (1999), Літва (2001), Малдова (2001), Расея (2012), Украіна (2008) і Эстонія (1999).

Беларусь не з'яўляецца сябрам СГА.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках