19 сакавiка 2024, aўторак, 6:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паштоўка-выцінанка для палітвязняў

3

У менскім офісе Партыі БНФ адкрылася выстава выцінанак Вольгі Бабурынай, прысвечаных Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

На выставе прадстаўлена 30 работ - выразак з рознакаляровай паперы, кожная з якіх прысвечаная аднаму артыкулу Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Такім чынам, мастачка праілюстравала 30 артыкулаў дэкларацыі, перадае БелаПАН.

«Аднойчы я спытала ў сваёй маці, дзе яна навучылася так прыгожа выразаць сняжынкі? І маці распавяла, як маленькай дзяўчынкай хадзіла праз лес за чатыры кіламетры ў школу і як зімой разглядала сняжынкі на рукавічках. Я ведаю і памятаю тую дарогу, таму што дзяцінства правяла ў вёсцы маці. Памятаю, як сама любіла разглядаць сняжынкі... Пасля, калі мне было 12 гадоў і я вучылася ў Маладзечанскай мастацкай школе, мне стала вядома, што такая тэхніка завецца выцінанкай. Так дзіцячае захапленне перарасло ў лад жыцця», - распавяла Бабурына.

Адна з арганізатараў выставы, праваабаронца Алена Лапцёнак паведаміла, што ў мінулым годзе быў прыняты міжнародны лагатып правоў чалавека: сумешчаны сімвал птушкі і рукі. «Нам захацелася зрабіць гэты лагатып сваім, беларускім. Думаючы, што гэта можа быць, паўстала ідэя, што гэта можа быць выцінанка, паколькі гэта наша народнае мастацтва, спалучэнне разьбы, ткацтва, малюнка. Я знайшла Вольгу Бабурыну праз інтэрнэт і папрасіла яе выразаць нам гэтую руку-птушку. Але яна зрабіла яшчэ некалькі выразак - альтэрнатыўных варыянтаў. Нам гэта спадабалася. І мы вырашылі стварыць каляндар. Але не проста каляндар, а каляндар з лякалам, каб кожны мог выразаць нешта. Гэта такая забава для дзяцей і дарослых», - сказала Лапцёнак.

І далей узнікла ідэя зрабіць ілюстрацыі да Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. «Гэта складана, хоць дэкларацыя ўсім зразумелая. Вольга не адмовілася гэта зрабіць. І зрабіла, нягледзячы на тое, што перадаць вобразамі законы вельмі складана», - адзначыла Лапцёнак.

Праваабаронцы выдалі таксама гэтыя працы ў выглядзе паштовак, якія можна паслаць сябрам.

«Хочаш адправіць паштоўку Алесю Бяляцкаму і доўга стаіш-выбіраеш у «Белсаюздруку», што можна купіць, так як амаль усе паштоўкі віншавальныя. Бываюць яшчэ расейскія «прышпільныя», але не заўсёды яны да месца, бо чалавек - за кратамі. Таму мы вырашылі правесці і конкурс на лепшыя паштоўкі», - распавяла «Белсату» Алена Лапцёнак.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках