25 красавiка 2024, Чацвер, 19:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хведар Нюнька: Рэжым падзяляе беларусаў за мяжой

3
Хведар Нюнька: Рэжым падзяляе беларусаў за мяжой

Заплянаваны на наступнае лета чарговы зьезд беларусаў сьвету ў Менску можа і не адбыцца.

Зь незразумелых прычынаў беларускія амбасады перасталі даваць візы найбольш актыўным прадстаўнікам беларускай дыяспары.

Адным зь неўязных у Рэспубліку Беларусь нядаўна стаў старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве Хведар Нюнька, перадае «Радыё Свабода».

Спадар Хведар, вам неяк патлумачылі прычыны адмовы ў візе?

— Нічога мне не патлумачылі. Больш за тое, пра мае праблемы зь візай ведаў сам амбасадар Дражын. Паколькі я ня меў кантакту зь беларускай амбасадай у Літве, то сам я туды не зьвяртаўся. Зьвярталася Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», бо я ўваходжу ў яе раду і плянаваў удзельнічаць у наступным зьезьдзе. Мне было адмоўлена ў візе. Падчас выпадковай сустрэчы ў Доме нацыянальных мяншыняў з амбасадарам Беларусі я ў яго проста спытаўся, чаму мне не даюць візу? Калі ёсьць устаноўка наконт мяне з вышэйшых інстанцый, то мне трэба пра гэта сказаць. Чаму трэба маўчаць? І амбасадар сказаў, што віза будзе. Наша сустрэча адбылася яшчэ да адмовы. Відаць, не ад яго залежыць...

У Вільні існуюць два аб’яднанні беларусаў — ваша таварыства і «Сябрына», якой кіруе Раман Вайніцкі. Вы зь ім не сышліся ў ацэнцы палітычнага ладу ў Беларусі. А ці засталося нешта, што вас па-ранейшаму аб’ядноўвае?

— Нас падзяліла палітыка таго рэжыму, які знаходзіцца пры ўладзе ў Беларусі. А ўвесь час раней беларусы дзейнічалі заадно, былі згуртаваныя. А цяпер ёсьць «чэсныя» і «нячэсныя», як і ў самой Беларусі. Але мы тут стараемся кантактаваць. Менавіта Раман Вайніцкі пры нашай сустрэчы, хоць ён у акцыях пратэсту ня ўдзельнічае, сказаў, што Беларусь у нас адна, і дзяліць яе няма патрэбы. Таму важныя гістарычныя даты, прыкладам, Дзень Волі мы адзначаем разам пад нашай гістарычнай сымболікай — бел-чырвона-белым сьцягам і Пагоняй. Скажам, сёлета Дзень Волі ў Вільні працягваўся цэлы тыдзень. Быў нават арганізаваны аўтапрабег па ўсіх вуліцах гораду, машынаў было каля двух дзясяткаў. І гэта вельмі прыгожа выглядала, бо ўсе яны былі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Дык вось, у гэтым аўтапрабегу ўдзельнічаў таксама і Раман Вайніцкі на сваёй машыне.

Вы амаль усё жыцьцё пражылі ў Літве. Як сёньня беларусы тут пачуваюцца — у Вільні, на Віленшчыне?

— На жаль, дзякуючы палітыцы, якую праводзіць кіроўны ў Беларусі рэжым, Віленскі край быў кінуты. Хоць Віленшчына дала нямала выдатных беларускіх дзеячоў нацыянальнага маштабу. Дастакова назваць Браніслава Тарашкевіча. Сьвятое месца пустым не бывае, таму беларускую пасыўнасьць выкарысталі другія нацыянальнасьці. Я маю на ўвазе найперш тутэйшых палякаў. Яны маюць велізарную падтрымку з Польшчы, яны сёньня перамагаюць тут на выбарах і ўваходзяць у парлямант. Так што польская меньшасьць тут, скажам так, пры ўладзе — як у асобных раёнах, так і ў самім горадзе. Палякі маюць значныя дасягненьні — гэта вялізная школа імя Яна Паўла ІІ, гэта Дом польскай культуры — Польшча выдаткавала на яго будаўніцтва 9 мільёнаў даляраў! Мабыць, так і павінна дзейнічаць разумная дзяржава, якая клапоціцца пра сваіх землякоў. Да беларусаў тут адносіны з боку мэтраполіі ня тое што адмоўныя... Яны проста — абыякавыя. Паўтаруся, мы тут сваёй дзяржавай кінутыя, і сёньня наша становішча як ніколі дрэннае. Возьмем такое параўнаньне з гісторыі. У 1922 годзе на выбарах па Віленскім краі беларусы змаглі даць 14 дэпутатаў на польскі Сойм. А што мы маем сёньня? У радзе самаўраду Вільні няма ніводнага беларуса, у Сойме літоўскім — ніводнага беларуса, у Эўрапарляманце ад Літвы — ніводнага беларуса.

Дык што, мае месца нейкая дыскрымінацыя?

— Не, дыскрымінацыі беларусаў мы не адчуваем. Я ўжо 70 гадоў жыву ў Літве, і мяне ніхто не дыскрымінуе. Няма таго, што мы гаворым па-беларуску, і нас нехта за гэта перасьледуе. Але, зь іншага боку, на нас літоўскія ўлады глядзяць як на цыганоў, азэрбайджанцаў і г.д. Мы ня ў лепшым становішчы, хоць паводле гісторыі мы павінны займаць другое месца пасьля літоўцаў. У літоўскіх падручніках па гісторыі беларусы наогул не ўспамінаюцца. Я лічу — так быць не павінна. Павінна адбыцца нейкая канфэрэнцыя гісторыкаў — беларускіх і літоўскіх, каб знайсьці прымальны для ўсіх пункт гледжаньня на гэтую справу. Дык хто ж такія былі беларусы ў Вялікім Княстве Літоўскім? Горшага становішча ў беларусаў Літвы, чым сёньня, ніколі раней не было. Вось вынік той палітыкі, якую праводзіць сёньня антыбеларускі рэжым у Менску.

Але і ў неспрыяльных умовах ваша таварыства нямала зрабіла. Калі ідзеш па Вільні, прыемна бачыць мемарыяльныя дошкі Янкі Купалы, Браніслава Тарашкевіча... Дарэчы, колькі памятных месцаў вы адзначылі?

— Дзякуючы намаганьням менавіта Таварыства беларускай культуры на аснове самаахвярнай працы мы паставілі ў горадзе 10 мэмарыяльных шыльдаў і нямала помнікаў беларускім дзеячам на Ліпаўскіх могілках і на Росах. Улічваючы тое, што мы не атрымліваем ніякай дапамогі зь Беларусі, а з боку літоўскіх уладаў маем дапамогу толькі сымбалічную, то больш мы зрабіць і не маглі. Нашыя апанэнты заяўляюць, што Хведар Нюнька — практычны чалавек, не дурнейшы за іншых, мог бы заняцца бізнэсам, быць заможным чалавекам... Таму ён не працуе дарма, ён адпрацоўвае амэрыканскія грошы. Але я павінен сказаць, што ня бачыў тых амэрыканскіх грошай, ніадкуль я нічога не атрымоўваю, акрамя сваёй пэнсіі. Ёсьць невялікі гурток аднадумцаў, адданых беларускіх патрыётаў, і мы працуем ня дзеля нажывы. Вось і цяпер сваімі сіламі мы падрыхтавалі да выданьня кнігу «Беларусы ў Літве: учора і сёньня». Мы спрабавалі на гэты праект атрымаць падтрымку ад літоўскай дзяржавы — безвынікова. Хоць я захаваў добрыя адносіны з дэпутатамі Сойму, Эўрапарляманту, з самім урадам Літвы. Ужо цягам 20 гадоў мы спрабуем вырашыць пытаньне з Музэем імя Івана Луцкевіча. У гэтай справе мы прайшлі ўсе інстанцыі, усе ступені ўлады, якія ёсьць у Літве. На апошняй сустрэчы ў Міністэрстве культуры я сказаў, што калі нават застанецца адзін беларус, гэтае пытаньне будзе падымацца, і яно абавязкова будзе вырашана.

Днямі адзначыў сваё пяцігодзьдзе тэлеканал «Белсат». Я ведаю, што для яго быў зьняты фільм «Беларускія справы», прысьвечаны вам. Але ён так і ня быў паказаны. Як вы лічыце — чаму?

— Я не магу пагадзіцца, што фільм прысьвечаны мне. Ён прысьвечаны беларускім справам у Вільні. Там паказана дзейнасьць ТБК цягам двух дзясяткаў гадоў.

Школа і касьцёл ці царква — вось што робіць чалавека нацыянальна сьведамым

Фільм зьняла таленавітая Вольга Мікалайчык, наколькі я ведаю, самаахвярна. Таму мне незразумела, чаму яго не прынялі да паказу на «Белсаце». Можа, таму, што ў фільме я крытычна выказваўся адносна польскай палітыкі ў Заходняй Беларусі. Але факты дыскрымінацыі відавочныя, я сам гэтаму сьведка. Проста мае словы ня трэба ўспрымаць як крытыку ўсяго польскага. Я лічу, што сёньня Польшча дапамагае беларусам больш, чым Літва. Гэта я магу адкрыта сказаць. А вось забарона, непрыняцьце гэтага фільма мяне засмучае.

Вашыя дзеці, хоць яны грамадзяне Літвы, застаюцца беларусамі, гавораць па-беларуску. Што не дае беларусу за мяжой канчаткова асымілявацца?

— На жаль, беларусы асымілююцца лягчэй і хутчэй, чым другія нацыянальнасьці. Скажам, літовец, які зьяжджае на працу за мяжу, не парывае карэньняў, не забывае сваёй мовы. Сёньня, прыкладам, у Ангельшчыне існуе 30 літоўскіх школаў! А колькі за мяжой школаў беларускіх? Школа і касьцёл ці царква — вось што робіць чалавека нацыянальна сьведамым. І гэтага нам сёньня не хапае ў Беларусі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках