28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Амбасадар Польшчы: Будзем адыходзіць ад электроннай рэгістрацыі на візы

66
Амбасадар Польшчы: Будзем адыходзіць ад электроннай рэгістрацыі на візы

Амбасада думае над тым, каб аблегчыць працэс атрымання польскай візы, заявіў амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка.

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка даў інтэрв'ю «Еўрарадыё».

- Тры тыдні таму вы распавялі, што збіраецеся ў Варшаву - шукаць сродкі супраць беларускіх хакераў, якія перахопліваюць анкеты электроннай рэгістрацыі віз у польскім консульстве. Знайшлі выйсце?

- Тут не будзе хуткіх адказаў. Мы, мабыць, будзем у будучыні адыходзіць ад электроннай рэгістрацыі. І спрабаваць нешта іншае зрабіць, накшталт колл-цэнтраў. Але гэта патрабуе вялікай тэхнічнай падрыхтоўкі. Ведаеце, пры такіх маштабах і колькасці віз гэта не так лёгка зрабіць. Карацей, мы думаем над тым, каб аблегчыць працэс атрымання польскай візы, але лёгка гэта зрабіць не атрымаецца. Зараз мы вырашаем, які варыянт ужыць, які будзе найбольш эфектыўна працаваць. Мы не забыліся аб гэтай праблеме з рэгістрацыяй.

- Можа, ужо зараз ёсць сэнс часова адмовіцца ад электроннай рэгістрацыі, раз усё анкеты ўсё роўна перахопліваюць хакеры?

- Не ўсе. У асобных консульствах мы зрабілі падзел па катэгорыях: шопінг, культура, спорт, «віпы», нейкая палітычная дзейнасць. І ёсць ліміты ў пэўных катэгорыях. А гэта ўжо хакерам ускладніць жыццё, таму што звычайна самы вялікі попыт на шопінг. Але калі б мы цалкам адмовіліся ад электроннай сістэмы, то чэргі толькі выраслі б. Таму што працавалі б значна павольней. І ўсё гэта пры існуючым зараз попыце на візы!

- У інтэрв'ю радыё кіраўнік беларускага Упраўлення «К» выказаў папрок у бок польскай амбасады: калі б вы перадалі тэхнічную інфармацыю сваіх камп'ютэрных сістэм і праграм, то яны здолелі б вам падказаць, як жа адолець хакераў. Чаму вы не спяшайцеся супрацоўнічаць з нашымі праваахоўнікамі?

- Мы сапраўды атрымалі паперу з Міністэрства ўнутраных спраў, я яе прачытаў. З гэтымі праблемамі і з гэтымі парадамі, якія нам даюць, нашыя спецыялісты і самі могуць справіцца. Мы прасілі беларусаў, каб яны больш актыўна працавалі з тымі пасярэднікамі, якія дзейнічаюць перад нашымі консульствамі. Іх лёгка можна знайсці і перашкодзіць іх рабоце. Гэта была наша галоўная просьба - каб заняліся людзьмі, якія працуюць перад нашымі консульствамі, прымаюць заказы і выконваюць працу пасрэднікаў за грошы. А тэхнічныя характарыстыкі нашых сістэм тут ні пры чым, я думаю.

- З'явілася інфармацыя, што польскія консульствы сталі ставіць доўгатэрміновыя візы на меншы тэрмін: не на год, а на 3-6 месяцаў. Чаму так адбываецца?

- Па маёй інфармацыі колькасць доўгатэрміновых віз павялічваецца пастаянна. Хоць я не выключаю, што такое здараецца, але гэта нейкія індывідуальныя выпадкі.

Напісаць каментар 66

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках