19 красавiка 2024, Пятніца, 2:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

BBC: Беларускія крамы ігнаруюць «сухі закон»

125
BBC: Беларускія крамы ігнаруюць «сухі закон»

У Беларусі 15 снежня абвешчаны «Днём цвярозасці».

Гандаль алкаголем і півам забаронены ва ўсёй краіне, вынятак зроблены толькі для рэстарацый і спецыялізаваных бараў, зараней паведаміў сайт Менгарвыканкама.

Аднак у суботу шмат якія крамы ў беларускай сталіцы гандлююць трункамі, піша ВВС.

«Нас папрасілі далучыцца да агульнанацыянальнай акцыі ў форме, якую прымем для нашай крамы за магчымую. Мы зачынілі аддзел, дзе ёсць танныя пладова-ягадныя віны. Але ў гандлёвай зале можна купіць гарэлку, добрыя віны», - распавядае адміністратарка аднаго з менскіх універсамаў.

Жанчына благае не называць яе і краму. «Вы напішаце, і да нас праверка прыйдзе, скажуць, што даручэнне не так выканалі. Але ў суседнім універсаме наважылі гэтак жа», - тлумачыць адміністратарка.

У суседнім сапраўды прадаюць дарагія каньякі, гарэлку і шампанскае.

Добрыя намеры

Ініцыятарам нацыянальнай акцыі «Прафілактыка і Ты!» выступіла міністэрства ўнутраных спраў разам з міністэрствамі аховы здароўя, спорту і турызму, культуры, працы і сацыяльнай абароны.

«У рамках гэтай акцыі таксама запланаванае правядзенне сеансаў бясплатнага кадавання ад алкагольнай залежнасці. Сёння на наркалагічным уліку ў Беларусі знаходзяцца больш за 190 тысяч грамадзян, якія хварэюць на хранічны алкагалізм», - паведамляе сайт МУС.

На прэс-канферэнцыі, праведзенай напярэдадні, загадчык сектара наркалагічнага маніторынгу Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Аляксей Кралько заявіў, што кожны трэці жыхар краіны - выпівака.

Паводле статыстыкі, беларусы ўжываюць на душу насельніцтва 13,3 літра чыстага спірту ў год. Сусветная арганізацыя аховы здароўя мяркуе, што пасля васьмі літраў штогод выпіванага спірту на душу насельніцтва пачынаецца дэградацыя нацыі.

Начальнік управы прафілактыкі МУС Алег Каразей на прэс-канферэнцыі напярэдадні Дня цвярозасці нагадаў, што ў краіне распрацавана праграма прафілактыкі і мінімізацыі алкагалізму і п'янства насельніцтва.

Як перакананыя распрацоўнікі праграмы, знізіць спажыванне алкаголю павінны выступы ў працоўных калектывах, установах адукацыі і на месцы жыхарства грамадзян; тлумачальная работа ў пытаннях прафілактыкі п'янства і звязаным з ім наступстваў; мерапрыемствы папярэджання безнагляднасці непаўналетніх. І, вядома, процідзеянне наступальнай рэкламе алкаголю.

«Мы зробім свой компас!»

Беларуская рэклама трункаў выключае выкарыстанне вядомай або «сярэднестатыстычнай» асобы - толькі мясцовыя брэнды, фірмовыя куфлі, здабытыя на міжнародных конкурсах медалі.

«Часцяком гэта здымаюць у Вільні, тут танней, - кажа літоўскі перакладчык Дар'я Шэрлат. - І я дзіўлюся здольнасці беларусаў знайсці сюжэты, аперуючы толькі гронкамі хмелю і піўнымі бутэлькамі!».

Адзін з рэкламных тэлесюжэтаў адлюстроўвае катастрофу карабля і шчаслівае выратаванне - бо знайшлі «свой компас», змясціўшы замест стрэлкі піўную бутэльку папулярнага брэнда.

«Свой компас» пазначыў і прэзідэнт Лукашэнка, негатыўна адрэагаваўшы на ініцыятыву ўрада цалкам забараніць выраб танных пладова-ягадных вінаў, у народзе званых «чарнілам». «Гэтыя забароны нічога ладнага не дадуць, - цытавала кіраўніка дзяржавы ягоная прэс-служба падчас нарады ў лістападзе. - Збярыцеся і сур'ёзна падумайце над тым, да чаго гэта можа прывесці. Забароннымі метадамі мы нічога не зробім».

Крытыкі Лукашэнка тут жа заявілі, што прэзідэнт не хоча траціць частку адданага яму электарату.

«Лукашэнка паабяцаў беларусу «чарку і скварку» - у перыяд крызісу гэта праграма жыццезабеспячэння электарату. Улада гуляе перыядычна на пачуццях жанчын, змардаваных п'янствам мужоў. Але забараніць абывацелю піць - значыць, страціць ягоны голас», - упэўненая праваабаронца Людміла Гразнова.

Адказныя ўстановы сцвярджаюць, што самыя небяспечныя таксічныя «чарніла» у Беларусі ўжо знятыя з вытворчасці.

Цалкам вытворчасць і рэалізацыя ардынарных пладова-ягадных вінаў забароненыя з 1 студзеня наступнага года, заяўляе Урад.

Ажыятаж

Паводле звестак статыстыкі, праз абмежаванне месцаў продажу алкаголю і скасавання непасрэднага рэгулявання дзяржавай коштаў алкагольных напояў іх продаж у першым паўгоддзі 2012 знізіўся на 4,2%. Небяспечных «чарніла» прадалі менш на 30,3%, але шампанскага і гарэлкі сталі спажываць больш.

Эксперты тлумачаць сітуацыю проста: паўлітра гарэлкі можна купіць нядорага, менш як пяць даляраў за пляшку; шампанскае п'юць кабеты, бо завозныя якасныя віны каштуюць нашмат даражэй.

Аб «дні цвярозасці» беларусам абвясцілі толькі ў чацвер. Нягледзячы на змешчаныя ў крамах аб'явы, у якіх тлумачылася, што ўсё не так сур'ёзна, як планавалася, пакупнікі кінуліся штурмаваць віна-гарэлачныя аддзелы.

«Вось не было на суботу нагоды, - цяпер ёсць! Я бутэлечку ўзяў. А каб не камандавалі!» - тлумачыць кіроўца Лёша, упакоўваючы «беленькую» ў палатняную зацяганую торбу.

Напісаць каментар 125

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках