25 красавiка 2024, Чацвер, 1:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Справа аб жорсткіх катаваннях у Віцебску закрытая

89
Справа аб жорсткіх катаваннях у Віцебску закрытая

Следчы камітэт спыніў расследаванне ў крымінальнай справе супраць супрацоўнікаў Першамайскага РАУС Віцебска.

Яны выбівалі прызнальныя паказанні ў дзяцей пры дапамозе шрубоўнікаў і газ-масак.

Як піша «Віцебскі кур'ер», справа супраць міліцыянтаў-катаў была распачатая ў траўні 2011 года. Папярэдняе расследаванне факту ўжывання незаконных метадаў вядзення следства аператыўнікамі Першамайскага РАУС расцягнулася на паўтары года. І вось надоечы галоўная ўправа Следчага камітэта паведаміла пацярпелым ды іхным сваякам аб спыненні расследавання. Намеснік начальніка галоўнай следчай управы Міхаіл Алёшкін паведаміў, што расследаванне спынена на падставе п.2 ч.1 арт.29 КПК РБ («з адсутнасці ў дзеянні складу злачынства»).

Між тым, сваякі пацярпелых абураныя такой пастановай і мяркуюць, што справу проста згарнулі.

Допыт пад руляй пісталета

«Да гэтага, у прыватнай гутарцы, следчы Генпракуратуры (цяпер следчы СК) Мікалай Шылаў прызнаўся мне, што знайшоў у Першамайскім РАУС Віцебска сапраўдную камеру катаванняў - с наборам шрубоўнікаў, газ-масак і кайданкоў, і што вінаватыя абавязкова будуць пакараныя. Але ў выніку ўсе вінаватыя чамусьці пайшлі на павышэнне», - распавёў бацька аднаго з пацярпелых Хачатур Хачатуран.

Ягоны сын Аляксандр Логінаў разам з сябрукамі быў затрыманы ўлетку 2009 года ў якасці падазронага ў справе аб жорсткім забойстве, учыненым за Віцебскай абласной лякарняй. Віцебскія гімназісты правялі за кратамі паўтары гады, пакуль у канцы лістапада 2010 года Магілёўскі абласны суд іх не апраўдаў (пракурор прасіла 14 гадоў).

Менавіта на судзе ў Магілёве абвінавачаныя расказалі, якім чынам у іх здабывалі сведчанні ў РАУС Першамайскага раёна Віцебска. Каб выбіць у непаўналетніх прыход з прызнаннем віны, следчыя совалі ў рот пісталет, катавалі з дапамогай шрубоўнікаў і газ-масак, пагражалі апусціць дагары нагамі ў Дзвіну і г.д. Усё гэта суправаджалася збіваннем. Аб прысутнасці на допытах адваката ці законнага прадстаўніка непаўналетніх гаворкі нават не ішло ...

У склад групы ўваходзілі оперупаўнаважаныя аддзялення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі Першамайскага РАУС Віцебска Г.Цітоў (старшы), А.Шылін, А.Карчэўскі, Г.Лавіцкі, а таксама оперупаўнаважаныя ўправы крымінальнага вышуку УУС Віцебскага аблвыканкама А.Петэрсан, І. Гілько, В.Шашкін, С.Болдышаў і оперупаўнаважаны ў асабліва важных справах ГУУР КМ МУС Рэспублікі Беларусь А.Грэкаў. Кіраўніком следчай групы быў нейкі час Юрый Шчацько, цяпер намеснік начальніка Следчага камітэта Віцебскай вобласці.

Жахі следства

Са слоў сваякоў хлапчукоў, расследаванне крымінальнай справы ў факце катаванняў абярнулася для іх новымі пакутамі - даводзілася ўспамінаць перажытае і «сустракацца з падоннем на вочных стаўках». Праўда, вочныя стаўкі былі праведзеныя ўжо ў канцы следства - праз тры з лішкам гады пасля падзей. Шмат якія асобы і драбніцы былі проста забытыя. Адвакатаў на вочныя стаўкі не дапусцілі. Пацярпелы Аляксандр Логінаў прызнаўся, што ўсё гэта выглядала як фармальнасць. Да таго ж на вочнай стаўцы былі зусім не ўсе датычныя да катаванняў супрацоўнікі міліцыі.

Цікава, што пацярпелыя праходзілі ў справе аб катаваннях у якасці сведак. «Уявіце сабе, яны праходзілі як сведкі таго, што іх збівалі...» - абураецца законная прадстаўніца яшчэ аднаго пацярпелага Святлана Альшэўская.

Паводле ейных слоў, у самым пачатку следчы Мікалай Шылаў назваў гэта расследаванне «гучнай справай рэспубліканскага значэння»: «Ён прымусіў нас і нашых дзяцей паўтары гады перажываць гэты жах зноўку. А ў выніку - пшык ... Спыненне расследавання - гэта спроба абараніць запэцканы мундзір. Прычым запэцканы не толькі брудам, але і крывёй. А значыць, беззаконне будзе ў нашай краіне і далей».

«І ніхто не папрасіў прабачэння перад дзецьмі, перад бацькамі, перад школай, якая адчула такі ціск, што загадчыку ў выхаваўчай працы прыйшлося нават звольніцца. Настаўнікаў прымушалі перапісваць характарыстыкі. Ніхто не папрасіў прабачэння! Дык пачакайце: начвэрылі бяды, пратрымалі дзяцей за кратамі 17 месяцаў - трэба адказваць. Не, яны героі сёння... Гэта сорамна і крыўдна»- абураны Хачатур Хачатуран.

Скалечаныя душы...

Аляксандр Логінаў, які вытрымаў катаванні і не вызнаў віны, цяпер служыць у войску. «15 снежня ён будзе прымаць прысягу на вернасць Радзіме і дзяржаве. Дык вось гэта дзяржава прынізіла яго, зрабіла амаль інвалідам. У яго сёння праблемы са спінай і хрыбетнікам, у яго праблемы з заўсёдным галаўным болем. Так, у войска ўзялі, але ў нас усіх сёння туды бяруць. Ён і там сябе годна трымае», - распавёў бацька пацярпелага.

Маці Аляксандра Напаюка, які таксама правёў за кратамі паўтары гады, кажа, што сын да гэтага часу прачынаецца начамі з немым крыкам: «Не трэба!»

Сведчанні ў справе аб ужыванні супрацоўнікамі крымінальнага вышуку незаконных метадаў расследавання давалі таксама Арцём Аўчароў, Уладзімір Рысеў, Дзяніс Касякін, Арцём Мароз, якія праходзілі ў 2009 годзе як падазраваныя (пазней - у статусе сведак) у забойстве.

Даведка "ВК": Зверскае забойства за Віцебскай абласной лякарняй (больш за 60 колата-рэзаных ран) было ўчыненае 14 чэрвеня 2009 года. Праз два тыдні паводле падазрэння ў забойстве былі затрыманыя віцебскія падлеткі А.Логінаў, А.Напаюк, А.Аўчароў. Абвінавачванне было выстаўлена Логінаву і Напаюку. 29 лістапада 2010 г. (праз 17 месяцаў пасля затрымання) непаўналетнія былі прызнаныя невінаватымі Магілёўскім абласным судом і вызваленыя з-пад варты ў зале суда. 18 лютага 2011 г. калегія Вярхоўнага суда не задаволіла пратэст пракуратуры і прызнала прысуд законным.

Напісаць каментар 89

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках