19 красавiка 2024, Пятніца, 18:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Алкаеў: Відэазапіс пакарання Захаранкі існуе, я хутка яго ўбачу

318
Алег Алкаеў: Відэазапіс пакарання Захаранкі існуе, я хутка яго ўбачу

Аўтар кнігі «Расстрэльная каманда» прадаўжае расследаванне выкраданняў беларускіх апазіцыянераў.

На думку Алега Алкаева, былога начальніка менскага следчага ізалятара № 1, у якім прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды, трэба назваць імёны ўсіх, хто перашкаджаў расследаванню спраў аб іх знікненні. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю Deutsche Welle.

- Чаму Вы нядаўна наведалі Беларусь, гэта ж небяспечна для Вас?

- Не хачу перадаручаць свае справы іншым людзям. Я сабраў патрэбную мне інфармацыю, шукаў сляды загінулых апазіцыянераў. Існуе шмат версій, напрыклад, што іх парэшткі перазахавалі і спалілі. Адной з мэтаў майго візіту была відэакасета з запісам пакарання экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі.

- Чаму Вы вырашылі самастойна прадоўжыць расследаванне?

- Я хачу падкрэсліць, што гэтыя справы замяць не атрымаецца, таму што яны не маюць тэрміну даўнасці. І адказнасць за нядбайнасць падчас расследавання такіх злачынстваў таксама бестэрміновая. Нагадаю, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі палітычныя супернікі Аляксандра Лукашэнкі - экс-кіраўнік МУС генерал Юры Захаранка, былы намеснік старшыні Вярхоўнага савету Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі. Я звяртаю ўвагу на тое, чаму больш за 10 гадоў не прасоўваецца следства па гэтых справах.

Мяркуюць, што асноўная віна ляжыць на кіраўніцтве краіны. Але нельга выключаць і адказнасць працаўнікоў следчага апарата, якім матэрыялы перадаваліся з рук у рукі, а расследаванне так і не зрушылася з месца. Напрыклад, чаму следчая Святлана Байкова, якая першыя два гады вяла справу аб знікненні Захаранкі, ведаючы ўсе абставіны, адводзіла следства ў бок?

Яна шукала Юрыя Захаранку ў Германіі, дзе ён нібыта хаваўся. Беларускае тэлебачанне нават паказвала кадры дома, дзе «пасяліўся» зніклы генерал. Але ж следчая выдатна разумела, дзе трэба шукаць яго цела. Віна ляжыць не толькі на ёй, я назаву і іншыя імёны.

Каго менавіта тычыцца Вашае расследаванне?

- Адказных асоб пракуратуры, МУС і КДБ. У Беларусі толькі шэсць Генеральных пракурораў памяняліся за апошняе дзясяцігоддзе, і кожны проста абавязаны быў расследаваць гэтыя справы. Бо кожны год усе яны сцвярджалі, што следства ідзе. Нагадаю, што ў распараджэнні пракуратуры больш за дзесяць гадоў знаходзіцца рапарт начальніка Галоўнага ўпраўлення крымінальнай міліцыі МУС генерала Мікалая Лапаціка.

Ён пісаў былому ў той час кіраўніком МУС Уладзіміру Навумаву аб датычнасці да выкраданняў людзей камандзіра САХРа Дзмітрыя Паўлічэнкі, а таксама сакратара Савета бяспекі Віктара Шэймана. Але Навумаў і Шэйман звальвалі адзін на аднаго адказнасць, калі распавядалі, як ідзе следства, дэпутату Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Хрыстасу Пургурыдэсу, што прыязджаў у Беларусь для правядзення незалежнага расследавання.

- Якія сведчанні Вы мелі для напісання кнігі «Расстрэльная каманда»?

- 14 снежня 1999 года я ўбачыў у «Камсамольскай праўдзе» у чорных рамках партрэты Захаранкі, Ганчара і Красоўскага з датамі іх знікнення. Успомніў, што менавіта ў гэтыя дні ў мяне канфіскоўвалі расстрэльны пісталет з глушыцелем, які выкарыстоўваўся для выканання смяротных прысудаў.

Пачаў збіраць інфармацыю і даведаўся, што Юры Захаранка заўважаў за сабой цікаванне, якое вялі людзі на чырвоным BMW. Тады такі аўтамабіль быў рэдкасцю, ён належаў кіраўніку САХРа Дзмітрыю Паўлічэнку. Я разумеў, што за ім стаіць нехта яшчэ, і думаў, да каго звярнуцца са сваімі падазрэннямі. Пры гэтым шчыра меркаваў, што прэзідэнт нічога не ведае.

Падчас выпадковай сустрэчы расказаў пра ўсё Уладзіміру Навумаву, якога неўзабаве прызначылі кіраўніком МУС. Паўлічэнка быў арыштаваны, рыхтаваўся арышт былога сакратара Савета бяспекі Віктара Шэймана. Але пайшоў зваротны працэс. Усе, хто вёў гэтую справу, тагачасныя старшыня КДБ і генпракурор, былі зняты з пасад, а мяне папярэдзілі, каб маўчаў.

Але потым у апазіцыйныя СМІ ад былых следчых пракуратуры трапілі копіі спраў аб зніклых апазіцыянерах. Тады мяне шукалі нават у адпачынку, каб я зняпраўдзіў гэтую інфармацыю. Я выехаў у Нямеччыну і пастанавіў тут застацца. У мяне таксама былі копіі журнала ўліку, дзе былі зафіксаваныя дні выдачы расстрэльнага пісталета. Цяпер яны знаходзяцца ў Хрыстаса Пургурыдэса. Так што «Расстрэльная каманда» была напісаная паводле дакументаў, маіх назіранняў і паказанняў сведак.

- Вы згадалі пра відэазапіс пакарання Юрыя Захаранкі. Пра яго даўно ходзяць размовы. Вы самі яго бачылі?

- Запіс існуе, і я хутка яго ўбачу. Тыя, хто зрабіў копіі, былі не прасцякі. У мінулым годзе мне прапаноўвалі купіць касету за 250 тысяч даляраў, але ў мяне няма такіх грошай.

- А вы не думалі, што ваш інтарэс хтосьці можа выкарыстоўваць, каб адвесці ілжывым следзам?

- Як мяне можна выкарыстоўваць? Я проста цікаўлюся тым, чым абавязаныя былі цікавіцца следчыя пракуратуры, і збіраю факты для новай кнігі. Я мог бы апрацаваць існуючы матэрыял і выдаць новую, добра чытэльную кнігу. Але будучаму следству гэтых спраў спатрэбяцца не эмоцыі, а факты.

Кажуць, з заканчэннем часу цяжка шукаць доказы, тым больш, схаваныя глыбока ў зямлі. Але ёсць шмат сведак, якія ведаюць, хто і што рабіў, і яны гатовыя адказваць на пытанні. Вядома, на ўмовах ананімнасці. Пакуль я шмат чаго не магу распавядаць. Мы не ў цацкі гуляем, за такія злачынствы належыць расстрэл. Бо ў Беларусі смяротнае пакаранне пакуль яшчэ ніхто не адмяніў. І тыя, каму яно можа пагражаць, будуць абараняцца сур'ёзна.

Напісаць каментар 318

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках