1 верасня 2015, aўторак, 21:10

Лукашэнка: Кіраўніцтва «Беллегпрама» выгнаць да вечара

318

Дыктатар звольніў старшыню канцэрна «Беллегпрам» і яго намесніка.

На чале прадпрыемства «Камволь» Лукашэнка паставіў яго галоўнага інжынера Віктара Гаўрыленку, даручыўшы да Новага года ўнесці прапановы па кандыдатуры новага кіраўніка канцэрна «Беллегпрам».

«Кіраўніка канцэрна і яго намесніка выгнаць да вечара з працы. І да Новага года ўнесці прапановы аб новым старшыні канцэрна», - заявіў Лукашэнка, наведваючы ў панядзелак ААТ «Камволь», піша «Інтэрфакс».

«Тое, што я тут убачыў, - гэта злачынная безадказнасць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Ну як жа так: пабітае шкло і жанчыны працуюць?! Тут і Ладуцька хадзіў, і Сямашка, і Мясніковіч. Гэта злачынства! І яно караецца».

Звяртаючыся да Віктара Гаўрыленкі, дыктатар адзначыў, што гэта яго шанец аднавіць прадпрыемства. «Не зробіш - пасаджу! Прабач, што я так кажу, але выбару няма. Але я не хачу, каб ты сядзеў. Ты мне патрэбен тут як дырэктар, і ты павінен зрабіць гэта прадпрыемства, павінен па-гаспадарску разабрацца, як будзе ісці мадэрнізацыя», - сказаў ён.

Беларускі кіраўнік таксама прыгразіў адстаўкай кіраўніцтву ўрада, апошні раз папярэдзіўшы прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча і яго першага намесніка Уладзіміра Сямашку.

«Вам з Мясніковічам апошні званок», - заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да Сямашкі. «Мне апраўданняў не трэба. Я сюды не за апраўданнямі прыехаў, я добра ведаю, што адбываецца на «Камволі», - адзначыў ён.

Наведваючы ААТ «Камволь», Лукашэнка таксама назваў Міжнародны валютны фонд палітычнай арганізацыяй і заявіў, што не разлічвае на новую праграму супрацоўніцтва з фондам.

«Жылі мы без МВФ, і будзем жыць. Спакойна, не трэба асабліва хвалявацца, што мы абрынемся. Не абрынемся, як камусьці гэтага хацелася б», - заявіў Лукашэнка журналістам.

Як адзначыў кіраўнік, «МВФ - гэта палітычная арганізацыя». «Таму яны (МВФ - ІФ) кажуць, раяць. Дзесьці мы слухаем, нейкая доля справядлівай крытыкі, нармальныя прапановы ёсць - мы выкарыстоўваем. Але жыць мы будзем сваімі мазгамі, мы зробім усё самі», - сказаў Лукашэнка.

«Дапаможа нам МВФ - дзякуй. Дапамаглі невялікім крэдытам, мы ім сказалі дзякуй, абслугоўваем (крэдыты - ІФ), своечасова вернем. Не дапамогуць - абыдземся без іх», - заявіў беларускі дыктатар.

Лукашэнка пракаментаваў таксама прапановы МВФ аб неабходнасці правядзення структурных рэформаў у беларускай эканоміцы. «Гэта структурныя рэформы, але ў інтарэсах тых, хто трымае МВФ. Ім было б лепш, калі б мы гэтыя прадпрыемствы распрадалі. Не важна каму, нават, можа быць, грамадзянам Беларусі.

Яны купяць у нашых грамадзян (акцыі - ІФ) за бутэльку, яшчэ за нешта», - адзначыў ён.

Паводле яго слоў, «нас хочуць падзяліць, хочуць, каб мы хутка прадалі». «А МВФ будзе працаваць у інтарэсах Захаду, Амерыкі. Гэта нармальна для іх, а для нас нармальна, калі гэта будзе нармальна для беларусаў, і ў гэтым ключы я буду дзейнічаць, чаго б мне не каштавала», - заявіў Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў: «я - беларускі прэзідэнт, а не кіраўнік МВФ або падручны ЗША, ці Еўразвяза». «Я - беларускі прэзідэнт, ім і застануся», - заявіў Лукашэнка.

падзяліцца