19 красавiка 2024, Пятніца, 16:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мітынг супраць ушчыльнення ў Зялёным Лузе

11

Менчукі пратэстуюць супраць новых планаў па ўшчыльненні сталіцы.

На гэты раз пад пагрозай высечкі апынуўся сквер, размешчаны ў мікрараёне Зялёны Луг, у двары дамоў № 79 па вуліцы Каліноўскага і № 60 па вуліцы Сядых. Некалькі дзён таму мясцовыя жыхары хрушчовак даведаліся аб тым, што кампанія ЗТАА «ІТЭРА-Бел» (забудоўшчык «хмарачоса» «Ветразь») мае намер узвесці ў іх пад вокнамі 16-павярховы жылы дом. Будоўля запатрабуе высечкі некалькіх дзесяткаў старых дрэў. Абураныя планамі інвестара, жыхары выйшлі на мітынг, каб данесці да ўладаў сваю нязгоду з тым, што адбываецца, піша onliner.by.

Магчымасці сустрэцца з архітэктарамі і прадстаўнікамі адміністрацыі Першамайскага раёна людзі не мелі, паколькі грамадскае абмеркаванне праходзіць у новым для Менска фармаце. Экспазіцыя з кароткай інфармацыяй аб праекце размяшчаецца на стэндзе ў адміністрацыі раёна. З прадстаўленых матэрыялаў вынікае, што ў доме будзе 16 паверхаў і 143 кватэры (агульная плошча - 8310 кв. м). Побач запраектаваныя тры пляцоўкі - дзіцячая, гаспадарчая і пляцоўка для адпачынку дарослых.

На экспазіцыі размешчаная таксама планіроўка тыпавога паверха.

Усяго ў мітынгу прынялі ўдзел каля 60 чалавек. Міліцыя, відавочна, была інфармаваная аб мерапрыемстве, і непадалёк дзяжурыў аўтазак, аднак сход праходзіў спакойна, умяшанне спецназа не спатрэбілася. Людзі сышліся ў меркаванні: новы вышынны дом пагоршыць праблему з паркоўкамі і праездам па дварах, знішчэнне зялёнай зоны пагоршыць экалагічную абстаноўку. Акрамя таго, жыхары лічаць, што іх старэнькія панэльныя пяціпавярхоўкі, пабудаваныя яшчэ ў 1960-х, не вытрымаюць нагрузак ад працы будаўнічай тэхнікі.

- Гэта не першая спроба знішчыць зялёную зону пад будаўніцтва. Два гады таму ўжо была падобная сітуацыя, - распавёў нам грамадскі актывіст Віктар Янчурэвіч. - І грамадзяне ўжо тады выказалі сваё стаўленне: яны хочуць захаваць свой сквер. Навошта ж развіваць канфлікт? Навошта даводзіць сітуацыю да сацыяльнага напружання? Будзем змагацца, каб гэтае грамадскае абмеркаванне для мясцовых жыхароў было станоўчым і стала апошнім.

Ініцыятыўная група (15 чалавек) пачынае збор подпісаў супраць ушчыльнення квартала. У менчукоў застаецца ў запасе не так шмат часу, каб выказаць сваё стаўленне да праекта. Пісьмовыя заўвагі будуць прымацца адміністрацыяй Першамайскага раёна да 3 студзеня 2013 года (зав. К. Чорнага, 5, на лісце неабходна зрабіць пазнаку «Грамадскае абмеркаванне»).

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках