Аблава на актывістаў БХД у Віцебску
11- 19.12.2012, 16:52
(абноўлена) Актывісты БХД Аляксей Кішчук і Станіслаў Лаўронаў затрыманыя і знаходзяцца ў Першамайскім РАУС.
Машыну, якой кіраваў Лаўронаў, спыніла ДАІ, перадае «Радыё Свабода».
Інспектары вырашылі праверыць дакументы і ў кіроўцы, і ў пасажыра. У Аляксея Кішчука не было пры сабе пашпарта, таму яго павезлі ў райаддзел, каб праверыць асобу.
Станіслава Лаўронава абвінавачваюць у тым, што ён нібыта не падпарадкоўваўся загадам міліцыянтаў, распавяла каардынатар па стварэнні партыі БХД Таццяна Севярынец:
«Падстава для затрымання незразумелая: хлопцы проста ехалі ў машыне. Але, з іншага боку, сёння 19 снежня, гадавіна Плошчы. І віцебская міліцыя, верагодна, пайшла на прэвентыўныя меры, каб прадухіліць праявы апазіцыйнай актыўнасці».
Пазней стала вядома, што на актывістаў склалі пратаколы нібыта за дробнае хуліганства і вінавацяць у брыдкаслоўі.