28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыс Жаліба: Гандлёвы баланс сыдзе ў поўны мінус

3
Барыс Жаліба: Гандлёвы баланс сыдзе ў поўны мінус

Пасля спынення кантрабанды нафтапрадуктаў сальда гандлёвага балансу нашай краіны па нарастаючай пайшло ўніз, адзначыў эканаміст.

«Я думаю, схема з «растваральнікамі» канчаткова зачыненая, таму што іх выраблялі з так званага прамагоннага бензіну. Гэтую сыравіну пастаўляла Расея, яна спецыфічная. І, пачынаючы са жніўня, яна спыніла гэта рабіць», - заявіў у інтэрв'ю сайту charter97.org беларускі эканаміст Барыс Жаліба.

Па словах эксперта, Беларусі давялося пагадзіцца на юрыдычную забарону «растваральнікавага» бізнэсу:

«Беларусь учапілася за юрыдычныя «закавыркі» і спрабавала адстаяць магчымасць такога экспарту. Але пад ціскам Расеі нашае кіраўніцтва было вымушана пагадзіцца. Мы, як кажуць, не ў руках божых, а ў руках Расеі. Гэта і сыравіна, гэта і магчымасць атрымліваць газ у наступным годзе па 166 даляраў, у той час як Украіна плаціць 400, а Польшча - 450 даляраў. Таму нашыя ўлады моцна не супраціўляліся і пагадзіліся».

Барыс Жаліба падвёў вынікі кантрабанды нафтапрадуктаў:

«Гэты бізнэс даў Беларусі да двух мільярдаў даляраў. Акрамя таго, гэта дало магчымасць экспартаваць сваю нафту. Менавіта таму мы і змаглі вывесці гандлёвы баланс у абсалютны плюс. І як толькі са жніўня гэтая схема спынілася, наш гандлёвы баланс пайшоў у мінус, прычым па нарастаючай. І гэты мінус да канца гэтага года можа перакрыць плюс». Кантрабанда нафтапрадуктаў, можна сказаць, была чарговым энергетычным грантам Расеі, не запланаваным ёю ж. Мы не маглі ў такой колькасці павялічыць вытворчасць растваральнікаў, пад іх выглядам пастаўлялі звычайны бензін або салярку».

З закрыццём экспарту «растваральнікаў» наш гандлёвы баланс будзе адмоўным, упэўнены эканаміст:

«Я згодны з многімі аналітыкамі, якія чакаюць, што сальда гандлёвага балансу наўрад ці застанецца станоўчым, яно сыдзе ў мінус з наступнага года, нягледзячы на аптымістычныя заявы таго ж міністра эканомікі Мікалая Снапкова».

Надалей Расея не дапусціць падобнай кантрабанды, лічыць Барыс Жаліба:

«Я не думаю, што Беларусь зможа знайсці нейкія новыя высокапрыбытковыя экспартныя схемы. Тое, што маглі прыдумаць нашыя экспарцёры, яны ўжо прыдумалі. Цяпер Расея будзе трымацца вуха востра. Тут патрэбныя кардынальныя змены ў структуры самога экспарту: зніжаць долю нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў у экспарце і засяроджвацца на мадэрнізацыі транспартнага і сельскагаспадарчага машынабудавання, шукаць новыя нішы і выходзіць на больш маштабны экспарт».

Нагадаем, сёння з'явілася інфармацыя, што Беларусь пагадзілася ўнесці дапаўненні ў Мытны кодэкс МС, накіраваныя на ліквідацыю схемы экспарту растваральнікаў без выплаты пошлін у расейскі бюджэт.

Так, цяпер розныя сумесі нафтапрадуктаў са спіртам, з якіх атрымліваліся «растваральнікі» і змазачныя матэрыялы, цяпер будуць класіфікавацца як нафтапрадукты, і для іх будзе дзейнічаць адпаведная пошліна.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках