24 красавiка 2024, Серада, 13:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Магілёўскі музей выкупіў «Вялікае мастацтва артылерыі»

9

Учора стала вядома, што акцыя па выкупе рарытэтнай кнігі Казіміра Семяновіча скончылася паспяхова.

Ініцыятары выкупу Статута ВКЛ дырэктар музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў, навуковец Зміцер Яцкевіч і студэнт Андрэй Радзькоў так натхніліся першым вопытам, што адразу абвясцілі збор грошай на выкуп кнігі знакамітага навукоўца Казіміра Семяновіча «Вялікае мастацтва артылерыі», піша «Наша Ніва».

«Мы атрымалі інфармацыю аб продажы кнігі Семяновіча ў Беларусі за 15 тысяч еўра.

Падчас акцыі па выкупе Статута мы атрымалі ад шэрагу прыватных асоб і прадпрыемстваў абяцанне фінансавай падтрымкі, калі будзем працягваць такую дзейнасць. Але калі справа дайшла да куплі, то жадання ў гэтых людзей было няшмат. Сумы ахвяраванняў у параўнанні са Статутам скараціліся ў сотні разоў. Не больш за мільён», - распавядае Аляксей Бацюкоў.

Калі ў выпадку са Статутам самі мецэнаты тэлефанавалі ініцыятарам акцыі, то цяпер трэба было самім абзвоньваць людзей.

Зрэшты, спонсары ў гэтага праекту таксама знайшліся.

«Хочацца сказаць вялікі дзякуй арганізацыі, якая стварае гульню World of Tanks. Яны ахвяравалі 20 мільёнаў на выкуп. Я патэлефанаваў іх дырэктару, прапанаваў сумесную акцыю. Яны сказалі, што ў іх мала часу і яны не хочуць адрываць супрацоўнікаў, што лепш проста ахвяруюць грошы.

Ёсць таксама яшчэ буйныя ахвярадаўцы: адзін магілёвец, які папрасіў сябе не называць, «Трайпл», Павел Бераговіч».

Існуе шэсць ранніх выданняў працы Казіміра Семяновіча. Першая частка «Вялікага мастацтва артылерыі» выйшла на лацінскай мове ў 1650 годзе. Другую частку ён не падрыхтаваў, але магчыма ў яго былі рукапісы. Праз год выйшла выданне на французскай. У 1676 годзе - на нямецкай. У 1725 годзе выйшлі адразу два выданні - па-ангельску і па-дацку. І, нарэшце, у 1729 годзе - яшчэ раз па-нямецку.

Першапачаткова грошы збіраліся на французскае выданне. Але агульная сума ахвяраванняў была ў тры разы менш азначаных 15 тысяч.

«Працягваць далей вялікага сэнсу не было, так як сума ахвяраванняў не расла. Разам з тым мы атрымалі альтэрнатыўныя прапановы на кнігі Семяновіча, сумы не перавышалі 8 тысяч даляраў».

Увосень стала вядома, што Нацыянальная бібліятэка купіла для сваіх фондаў два выданні Семяновіча - лацінскае і французскае. Яшчэ ў Беларусі ёсць шостае выданне. Таму закупачнай камісіяй музея было прынята рашэнне набыць трэцяе нямецкае выданне, якое ў хуткім часе і трапіць у музей.

У чым значнасць работы Казіміра Семяновіча для Беларусі?

«Семяновіч адзначае, што напісаць гэтую працу яго прымусіла любоў да Радзімы, жаданне зрабіць нешта на карысць Айчыны, - распавядае Андрэй Радзькоў. - Артылерыя ў ВКЛ лічылася не шляхетнай справай, але час дыктаваў свае ўмовы. Артылерыя стала каралевай вайны. Ад яе залежаў лёс краіны. Семяновіч добра разумеў важнасць артылерыі, што на радзіме гэта мастацтва было запатрабавана».

У бліжэйшы час кніга з'явіцца ў сярод экспанатаў Магілёўскага гістарычнага музея.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках