28 сакавiка 2024, Чацвер, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вынікі пратэстаў: на «Граніце» зарплаты па 17 мільёнаў

75
Вынікі пратэстаў: на «Граніце» зарплаты па 17 мільёнаў

Кіроўцам самазвалаў на «Граніце» значна павысілі зарплаты.

Кіраўнік аддзялення незалежнага прафсаюзу Алег Стахаевіч перакананы, што гэта - вынік працоўнага пратэсту, перадае «Радыё Свабода».

Васіль, кіроўца самазвала на «Граніце», кажа, што зарабіў за месяц 15 мільёнаў. Аднак, заўважае, што ў гэтым павышэнні зарплаты ёсць і свае нюансы, так як плаціць зараз сталі за колькасць перавезенага каменя:

«Я атрымліваў 7-8, а за гэты месяц мне налічылі каля 15 мільёнаў. Аднак, тут як - хто возіць, той атрымлівае. Раней нам за рамонт плацілі лепш - прэмію давалі. Хлопцы, якія толькі ўладкаваліся і на старэнькіх «БелАЗах» працуюць, атрымалі толькі па 5-6 мільёнаў».

Рабочы кажа, што кіроўцы самазвалаў, якія перавезлі шмат каменя, зарабілі па 14-17 мільёнаў.

Васіль упэўнены, што рост зарплаты на прадпрыемстве стаў вынікам, перш за ўсё, пратэсту рабочых:

«Гэта на 300 адсоткаў адыграла... Ведаеце, як яны баяцца зараз гэтага незалежнага прафсаюзу? Як агню! Пажартавалі былі хлопцы, што трэба зноў выходзіць з прафсаюзу, так як нешта там ім не спадабалася. Толькі сказалі паміж сабой - ужо начальства ведае і бяжыць да нас. Маўляў, што ў вас такое, мы вам усё зробім!»

Кіраўнік аддзялення незалежнага прафсаюзу на «Граніце» Алег Стахаевіч таксама згаджаецца з думкай, што гэта пратэст прымусіў павышаць зарплаты:

«На снежань 2011 года зарплата «БелАЗістаў» была 2 мільёна 700 тысяч - 3 мільёны 500 тысяч рублёў. Цяпер мы прыйшлі да тых вынікаў, якія хацелі б мець, я думаю, на ўсіх прадпрыемствах Беларусі».

Алег Стахаевіч кажа, што з ростам аплаты працы дасягнута адна з мэтаў пратэсту. Аднак, ён мае асцярогі, што ў выпадку поўнага знішчэння рабочага руху сітуацыя з памерам заробку можа змяніцца.

Нагадаем, у канцы 2011 года некалькі сотняў працаўнікоў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы аб выхадзе з афіцыйнага прафсаюзу. Такім чынам быў выказаны пратэст супраць нізкіх, на іх думку, зарплат, дрэннага стаўлення з боку начальства і бяздзейнасці прафсаюза. Рабочыя абвясцілі, што ствараюць на прадпрыемстве ячэйку Беларускага незалежнага прафсаюзу. Адразу пасля гэтага сябры незалежнага прафсаюзу адчулі ціск з боку адміністрацыі.

Напісаць каментар 75

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках