19 красавiка 2024, Пятніца, 23:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэм’ера новага спектакля Свабоднага тэатра ў Менску

4

21 снежня ў Менску адбылася прэм'ера спектакля Свабоднага тэатра «Родныя і блізкія» паводле п'есы беларускага драматурга Канстанціна Сцешыка.

Гэты спектакль Свабодны тэатр уважае за свой чарговы падарунак беларускім гледачам да Новага года. Традыцыйна напярэдадні Каляд калектыў падрыхтаваў для сваіх гледачоў прэм'еры. У гэтым годзе выявілася, што зрабіць гэта яшчэ складаней, чым у папярэднія восем гадоў існавання тэатра, бо кіраўніцтва тэатра вымушанае знаходзіцца па-за межамі краіны, піша кіраўнік Беларускага Свабоднага тэатра Мікалай Халезін у сваім рахунку ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

Рэжысёр спектакля Уладзімір Шчэрбань наважыўся на найскладанейшы пастановачны эксперымент, наважыўся паставіць спектакль праз skype. Цягам месяца акцёры рэпетавалі пад кіраўніцтвам рэжысёра, які знаходзіўся на інтэрнэт сувязі з іншай краіны.

На пытанне рэжысёру, як яму працавалася праз skype, Уладзімір Шчэрбань адказаў: «Самая вялікая складанасць - тэхнічныя ўмовы: інтэрнэт завісае, адключаецца, адбываюцца збоі. Але даводзіцца нават у самых адмоўных момантах знаходзіць плюсы. Тут станоўчы момант у тым, што рэжысёр абавязаны быць лаканічным, ёмістым і дакладным падчас працы. Гэта складана, асабліва для эмацыйнага рэжысёра. Але, як гаворыцца, калі хочаш дасягнуць мэты, ствары перашкоду. Калі мы ўсё ж такі перамаглі гэтыя тэхнічныя цяжкасці, значыць нам гэта было патрэбна».

На пытанне, пра што спектакль, рэжысёр адказаў: «Спектакль «Родныя і блізкія» перакульвае дагары нагамі такое паняцце як «роднасныя сувязі», і распавядае пра тое, як часта роднымі і блізкімі нам людзьмі становяцца не ўважлівыя і добрыя да нас крэўныя, а часам чужыя людзі. Ён пра перакуленую свядомасць. Мне падаецца, што гэта наш, вельмі беларускі, постсавецкі матэрыял.

Яшчэ адна тэма, якую падымае Сцешык - гэта містычнае стаўленне да людзей, якія сышлі ад нас. І гэта таксама частка нашай славянскай традыцыі - варажба на куццю, ці жаданне зноў сутыкнуцца з тым, хто быў нам блізкі, каго мы ўважаем за роднага чалавека. На жаль, сучасны тэатр практычна не закранае гэтыя пласты нашай культуры».

Драматург Канстанцін Сцешык - не выпадковы аўтар для Свабоднага тэатра. Першая пастаноўка паводле яго п'есы была пастаўленая ў рамках праекта «Мы. Самаідэнтыфікацыя» у 2006 годзе. Затым у якасці драматурга ён выступіў у спектаклі «Зона маўчання». Матэрыял да спектакля «Родныя і блізкія» ён напісаў за вельмі кароткі перыяд - з 5 да 17 кастрычніка 2011 года, і выклаў яго ў створаны ім блогу. Затым блог быў выдалены, але з гэтым матэрыялам ужо многія пазнаёміліся, і ў выніку ён натхніў рэжысёра на стварэнне спектаклю.

Дырэктар тэатра Наталля Каляда сказала «Пасля таго, як Беларускі Свабодны тэатр адыграў спектакль «Кароль Лір» на падмостках легендарнага Шэкспіраўскага тэатра «Глобус»; зладзіў вялікі брытанскі тур са спектаклем «Мінск - 2011» і прэзентаваў свой новы праект Trash Cuisine на сцэне Каралеўскага тэатра Нідэрландаў, дзе выступаў на тысячныя аўдыторыі, ён вяртаецца ў Менск, і паказвае новую прэм'еру. Ціск беларускіх уладаў на тэатр працягваецца, але акцёры нязменна вяртаюцца ў Менск, каб граць для сваіх гледачоў - тых гледачоў, якія, нягледзячы ні на што, запаўняюць залу, не звяртаючы ўвагі на запалохванні і рэпрэсіі. Мабыць, менавіта гэтыя самаадданыя гледачы прымушаюць рэжысёра і акцёраў працягваць тварыць, пераадольваючы ўсе цяжкасці».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках