19 сакавiка 2024, aўторак, 8:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэм'ер Італіі сышоў у адстаўку

7
Прэм'ер Італіі сышоў у адстаўку

Прэм'ер-міністр Італіі Марыё Монці сышоў са сваёй пасады, стрымаўшы тым самым абяцанне сысці ў адстаўку пасля прыняцця парламентам праекту бюджэту.

За бюджэт урада на 2013 год прагаласавалі 309 дэпутатаў парламента. 55 парламентарыяў прагаласавалі «супраць», паведамляе ВВС.

Заява з нагоды таго, ці будзе Марыё Монці ўдзельнічаць у датэрміновых выбарах, чаканых у лютым наступнага года, магчыма, будзе зробленая на прэс-канферэнцыі ў нядзелю.

Монці прыйшоў да ўлады ў мінулым годзе з мэтай стварэння ўрада тэхнакратаў.

Але кансерватыўная партыя «Народ свабоды» ягонага папярэдніка Сільвіё Бэрлусконі раней у гэтым месяцы адмовілася ад падтрымкі кабінета Монці.

Бэрлусконі, які ўжо быў на пасадзе прэм'ер-міністра тры разы, у шосты раз бярэ ўдзел у перадвыбарнай кампаніі.

Цяперашняя палітычная няпэўнасць у Італіі - трэцяй самай вялікай эканомікі ў еўразоне - выклікала заклапочанасць інвестараў.

«Пастанова не прынятая»

Марыё Монці ў пятніцу ўвечары пасля пасяджэння кабінета міністраў накіраваўся ў прэзідэнцкі палац, каб уручыць прашэнне аб адстаўцы прэзідэнту Джорджыё Напалітану.

Прэзідэнт прыняў адстаўку Монці і папрасіў яго заставацца кіраўніком часовай адміністрацыі да выбараў, якія, на думку аглядальнікаў, пройдуць мабыць 24 лютага наступнага года.

Дакладная дата выбараў будзе вызначаная ў ходзе кансультацый прэзідэнта Напалітаны з палітычнымі лідарамі ў суботу, пасля роспуску абедзвюх палат парламента.

У сваім выступе перад адстаўкай Марыё Монці заявіў, што 13 месяцаў на пасадзе прэм'ера «былі цяжкімі, але надзвычай цікавымі».

«Дзякуючы праведзенай намі працы ... краіна стала выклікаць больш даверу да сябе ... стала больш канкурэнтаздольнай і прывабнай для інвестараў», - сказаў Монці замежным дыпламатам у Рыме.

Паводле апытанняў грамадскай думкі, вялікая часціна галасоў на будучых выбарах дастанецца левацэнтрысцкай Дэмакратычнай партыі пад кіраўніцтвам П'ера Луіджы Бэрсані.

Марыё Монці, які прыйшоў да ўлады разам са сваёй камандай міністраў і праводзіў захады жорсткай эканоміі, сцвярджае, што скарачэнне грамадскіх выдаткаў і падвышэнне падаткаў дапамаглі прадухіліць катастрофу.

Эканаміст і былы ўпаўнаважаны Еўрапейскай камісіі, Марыё Монці больш не можа балатавацца на выбарах, бо ён з'яўляецца пажыццёвым сэнатарам. Але тэарэтычна ён можа вярнуцца ў якасці міністра, магчыма, як неафіцыйны лідар кааліцыі цэнтрысцкіх сіл.

«Блізкія да яго людзі кажуць, што ён пакуль не развязаў гэтае пытанне, і яны не выключаюць, што ён можа прыняць пастанову, якая ўсіх здзівіць, - піша штодзённая газета Corriere Della Sera. - Павольна, але няўхільна, з кожнай гадзінай, прадстаўнікі найбуйнейшых партый, якія падтрымлівалі Монці, усё больш пачынаюць бачыць у ім патэнцыйнага спаборніка».

У мінулы чацвер 69-гадовы Монці выступіў у абарону «горкай пілюлі» бюджэтнай дысцыпліны - мабыць, у адказ на нападкі Бэрлусконі на ягоную палітыку жорсткай эканоміі.

У сваім выступе перад працоўнымі аўтазавода для вырабу аўтамабіляў Fiat Монці сказаў, што было б «безадказным даць змарнавацца ўсім ахвярам, на якія давялося пайсці італійцам».

У пятніцу ён пажартаваў, што блізкі канец ягонага тэхнакратычнага ўрада «ніяк не звязаны з прадказаннямі індзейцаў мая», маючы на ўвазе няспраўджаныя прароцтвы пра канец свету ў пятніцу, 21 снежня.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках