19 сакавiка 2024, aўторак, 6:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч распавёў аб правакацыі перад пачаткам Плошчы

93
Мікалай Статкевіч распавёў аб правакацыі перад пачаткам Плошчы

(Абноўлена) Поўны тэкст ліста палітвязня з турмы пра тое, як ён «трапіў у пастку» на Нямізе, з'явіўся на ягоным сайце.

Тэкст ліста Мікалая Статкевіча падае на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» і на сайце statkevich.org ягоная жонка Марына Адамовіч. Ён быў дасланы палітвязнем напярэдадні 19 снежня.

«...Ты ведаеш, што на наступным тыдні будзе яшчэ адна гадавіна. Мне не сорамна за той дзень. Аднаго не магу дараваць сабе - дазволіў тады завесці сябе ў тую пастку. Не ведаю, навошта спатрэбілася Пракопавічу такім чынам завабліваць мяне ў свой офіс. Але калі разам выйшлі адтуль, і я ўбачыў іхні бусік з гукаапаратурай, якую яны збіраліся «правесці» на плошчу сілком, то адразу зразумеў, чым гэта ўсё скончыцца. Напэўна, трэба было б адразу ўцякаць адтуль, таму што абавязаны быў быць там, куды паклікаў людзей (на плошчы). Але гэтыя дзеці так узрадаваліся мне, што пайду разам з імі, што не здолеў кінуць іх. Ды і часу на сумненні не было, бо тыя ўсё ведалі загадзя і не далі прайсці і 10 метраў.

Праўда, далей, здаецца, памылак не рабіў, бо працавалі ўжо інстынкты. Адразу прыкрыў спіну, стаўшы да «праваахоўнай» машыны, правільна ўдарыў, правільна прымаў удары. Калі б хоць адзін прапусціў, то, мяркуючы па стане перадплечча, якім блакаваў удары дубінак пад вострым кутом, ужо нікуды б не дайшоў. Правільна таксама, што не змог ударыць «маску», які поўз да мяне, таму што не лічыў за ворага і баяўся біць нагой у галаву. А галоўнае, што чэрап выявіўся моцным (вынік 600-гадовага адбору) і адна нага ацалела, што дазволіла дайсці», - піша Мікалай Статкевіч.

У канцы ліста прыпіска: «Адно цікава: каманда Пракопавіча, ажыццяўляючы гэты сілавы выклік ці сілавую правакацыю, усведамляла, што яна непазбежна выкліча ў нашых варунках тую рэакцыю, якая і атрымалася, ці не? Але даруй за гэты зварот да мінулага, бо ўсё гэта ўжо расказваў табе яшчэ год таму».

Нагадаем, 19 снежня 2010 года ў раёне вуліцы Няміга невядомыя ў масках напалі на калону, якая рухалася ад штаба кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева да Кастрычніцкай плошчы. Інцыдэнт адбыўся на вуліцы Няміга. Дарогу калоне, у якой таксама быў і Мікалай Статкевіч, заступіў чорны "варанок", з якога спачатку быў выкінуты выбуховы пакет, а пасля выскачыла група невядомых людзей у чорным і стала збіваць апазіцыянераў.

Пракуратура Беларусі адмовілася расследаваць напад на калону

Напісаць каментар 93

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках