28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Дыктатарская прыватызацыя для сваіх

32
Deutsche Welle: Дыктатарская прыватызацыя для сваіх

Удзельнікамі галоўных прыватызацыйных угод у Беларусі ў 2012 годзе станавіліся блізкія ўладзе бізнэсоўцы.

На мінулым тыдні ў беларускіх СМІ быў апублікаваны спіс васьмі найбуйнейшых прыватызацыйных угод і ўгод зліцця і паглынання за 2012 год. Яго асноўнымі фігурантамі сталі бізнэсоўцы, якіх беларуская прэса прызвычаіліся называць набліжанымі да ўлады, паведамляе Deutsche Welle.

Старыя знаёмыя

На першым месцы апынулася ўгода продажу Уладзімірам Пефціевым ягонай дзелі ў кампаніі «Белтэхэкспарт», якая сярод іншага займаецца продажам зброі. З 20 чэрвені 2011 года Пефціеў уключаны ў «чорны спіс» беларускіх палітыкаў, чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, якім забаронены ўезд у краіны Еўразвязу. Туды ён патрапіў як «галоўны эканамічны дарадца Лукашэнкі і ключавы фінансавы фундатар рэжыму».

Іншыя ўдзельнікі прыватызацыйнага рэйтынгу-2012 хоць і менш вядомыя, але таксама даволі паспяхова супрацоўнічаюць з кіраўніцтвам Беларусі. Напрыклад, член Рады развіцця прадпрымальніцтва пры прэзідэнце, уладальнік птушкагадоўчага холдынгу «Сервалюкс» Яўген Баскін набыў Смалявіцкую бройлерную птушкафабрыку, стаўшы адным з найбуйнейшых вытворцаў бройлераў у СНД.

А ўладальнік кампаніі «Інтэрсэрвіс», якая займаецца продажам нафты і нафтапрадуктаў, Мікалай Варабей атрымаў кантроль над Наваполацкім заводам бялкова-вітамінных канцэнтратаў, на базе якога нават меркавалася пабудаваць новы нафтаперапрацоўчы завод. Паводле інфармацыі беларускіх СМІ, за «Інтэрсэрвісам» стаіць капітал аднаго з найбуйнейшых бізнэсоўцаў краіны Аляксандра Шакуціна - члена Рады развіцця прадпрымальніцтва пры прэзідэнце і дэпутата Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.

Галоўнае - захаваць кантроль

Продаж прадпрыемстваў бізнэсоўцам, шчыльна звязаным з уладай, часта без правядзення адкрытых тэндэраў, на думку старшыні Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргея Балыкіна, сведчыць аб тым, што хаця ва ўладзе і ёсць жаданне зарабіць на прыватызацыйных угодах, яно не з'яўляецца прыярытэтным. Галоўная мэта - захаваць кантроль.

«Улада імкнецца аддаць актывы правераным людзям, каб далей кантраляваць прадпрыемствы калі не афіцыйна, то хаця б з дапамогай нефармальных дамоўленасцяў», - растлумачыў Балыкін. Паводле ягоных слоў, эканамічныя стасункі ў Беларусі шмат у чым да гэтага часу ладзяцца на асабістых кантактах.

Зрэшты, нельга казаць, што такі падыход адпужвае замежных інвестараў, бо шмат якія замежныя бізнэсоўцы таксама гатовыя да падобнага фармату дачыненняў, адзначыў эксперт. Але такая мадэль прыватызацыі вельмі замкнёная, і яна не можа быць зручнай для ўсіх. Акрамя таго, падкрэслівае Сяргей Балыкін, праца паводле азначаных правіл не дазваляе беларускай эканоміцы развівацца эфектыўна: «Такія нутраныя кровазмяшальныя шлюбы вядуць да выраджэння. У нас няма здаровай канкурэнцыі».

Васіль Шлындзікаў, які ў пачатку 90-х узначальваў канцэрн «Амкадор», што спецыялізуецца на вырабе пагрузчыкаў і дарожнай тэхнікі, адным з першых у Беларусі правёў працэдуру раздзяржаўлення прадпрыемства. З ягоных слоў, цяперашні беларускі продаж дзяржуласнасці «сваім» нагадвае падзеі, якія адбываліся ў краінах Лацінскай Амерыкі.

«Прыватызацыя там была праведзеная, але дзяржавы ад гэтага багацейшымі не сталі», - растлумачыў Шлындзікаў. Ён перакананы, што сапраўдная прыватызацыя ў Беларусі пачнецца толькі тады, калі набываць без праблем акцыі прадпрыемстваў змогуць усе грамадзяне краіны, а не абраныя ўладай бізнэсоўцы.

Асцярогі пераўтварэнняў

Як мяркуе ўкладальнік прыватызацыйнага рэйтынгу-2012, эканамічны аналітык Вадзім Сяховіч, невялікая колькасць бізнэсоўцаў, дапушчаных да прыватызацыйных працэсаў, абумоўленая менталітэтам улады.

«Правядзенне адкрытай прыватызацыі азначае стварэнне шырокага кола прадпрымальнікаў, уласнікаў, якія могуць выказваць пратэстныя настроі. Яны здольныя ў перспектыве падтрымаць дэмакратычныя пераўтварэнні, што можа прычыніцца да змены ўлады. Таму маштабны продаж дзяржуласнасці ў Беларусі і ўтаймоўваецца», - мяркуе Сяховіч.

Але нават такая - паводле ягонага выказвання, кулуарная - прыватызацыя лепшая, чымся яе поўная адсутнасць. Як адзначае аналітык, набліжаныя да ўлады бізнэсоўцы гэта зазвычай таленавітыя мэнэджэры. У выніку прадпрыемствы, дзякуючы новым уласнікам, «становяцца эканамічна эфектыўнымі, адбываецца мадэрнізацыя вытворчых магутнасцяў, падвышаюцца падатковыя паступленні ў бюджэт і ствараюцца новыя працоўныя месцы». Хаця прыватызацыя «для сваіх» такая ж дрэнная, як і яе адсутнасць, пярэчыць Сяргей Балыкін. Бо часцяком яна не прычыняе рэальнага пераразмеркавання ўласнасці ў краіне.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках