29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гендырэктар «Камаза»: Заявы Лукашэнкі тармозяць перамовы з МАЗам

53
Гендырэктар «Камаза»: Заявы Лукашэнкі тармозяць перамовы з МАЗам

Сяргей Кагогін распавёў пра тое, як ідуць перамовы з МАЗам.

Генеральны дырэктар «Камаза» адказаў на пытанні газеты «Ведомости».

- Яшчэ адно магчымае супрацоўніцтва - стварэнне альянсу з МАЗам. Перамовы ідуць ужо даўно, але, мяркуючы па апошнім выказванні Аляксандра Лукашэнкі, улады Беларусі сумняюцца ў мэтазгоднасці аб'яднання.

- Як і вы, прачытаў пра гэта ў газетах.

- Раскажыце, на якім этапе перамовы. Калі плануецца стварыць альянс?

- Ёсць пэўная калізія. Праца па праекце, якую праводзіць рабочая група, ніколі не спынялася. Але пасля такіх публічных заяў працэс пачынае тармазіцца. Што мне не падабаецца? Вязкі працэс перамоваў, які парушае логіку дзеянняў. Мы правялі ацэнкі, выйшлі на ўзровень базавых дамоўленасцяў, і цяпер трэба пераходзіць да пацвярджэння ацэнкі, рабіць высновы. Але да гэтага мы ніяк не можам прыступіць. Мы разумеем: для іх гэта высокія рызыкі. Прычым для палітыкаў гэта рызыкі сённяшнія, а менеджмент кажа пра дзень паслязаўтрашні.

Чаму альянс патрэбны «Камазу»? У практыцы зліццяў-паглынанняў набываюцца брэнды і кампаніі разам з рынкам. Для МАЗа і «Камаза» базавым з'яўляецца адзін рынак - расейскі. Я не лічу, што мы моцна канкуруем на рынку Расеі, але тым не менш у МАЗа таксама 80% продажаў прыпадае на расейскі рынак. Мы зараз падціснулі свой экспарт па фінансавых прычынах - ён неэфектыўны пры сённяшнім курсе рубля, менш зарабляем на курсавай розніцы. Альянс з МАЗам дазволіць больш дакладна рэагаваць на патрэбы расейскага рынку, плюс усе нашыя сумесныя прадпрыемствы атрымліваюць іншы маштаб вытворчасці. У выпадку аб'яднання з МАЗам павялічыцца іх загрузка. Ёсць агульнапрызнаныя нормы вытворчасці, напрыклад, у рухавікоў: 50 000 шт. у год. У выпадку, калі аб'ём ніжэй, узрастаюць рызыкі і тэрміны акупнасці - да 8-9 гадоў. Альянс дазволіць скараціць тэрміны акупнасці такіх вытворчасцей. Дзеля гэтага мы імкнуліся да альянсу, разумеючы, што ў нашым бізнэсе, аўтамабільным, заўсёды ёсць правілы, гэтак жа як і ўсюды. Маштаб вытворчасці - гэта правіла. Акрамя таго, я лічу, што МАЗ захаваў інжынерную школу.

- Калі альянс будзе створаны, ці захаваецца брэнд МАЗ?

- Брэнд, вядома, захаваецца, у яго ёсць свой спажывец. І для Беларусі гэта вельмі важна. Калі мы вялі перамовы з Daimler, ніколі не ўзнікала пытання ліквідацыі нашага брэнда.

- А беларускі рынак вам хіба нецікавы?

- У меншай ступені, самае галоўнае - гэта нарошчванне аб'ёму, павышэнне даходнасці інвестыцый. Пры гэтым схема зліцця безграшовая. Хоць акцыі «Камаза» - гэта грошы. Я кожныя 2-3 гадзіны гляджу, што адбываецца на біржы. Яны ліквідныя. Вядома, на рынку, на мой погляд, зараз недастаткова акцый «Камаза», але нашыя акцыянеры не хочуць прадаваць, скідаць свае долі. Іх не прадаюць і тыя, хто атрымаў акцыі падчас прыватызацыі - шматлікія фізічныя асобы.

- Не плануеце ў іх выкупіць акцыі?

- А навошта? Гэта 80 000 акцыянераў, у якіх у агульнай колькасці усяго 1%. Да таго ж акцыі распыленыя па ўсім былым Савецкім Саюзе.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках