28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мяса-малочных «войнаў» не пазбегнуць

166
Мяса-малочных «войнаў» не пазбегнуць

Беларусь завальвае расейскі рынак малаком і мясам.

Расея і Беларусь у лютым павінны ўзгадніць прагнозны баланс попыту і прапановы па асноўных відах сельгаспрадукцыі на 2013 год, паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі РФ Ілля Шастакоў.

Працэдура абяцае быць няпростай: расейскі бок занепакоены значным перавышэннем узгодненага аб'ёму паставак з рэспублікі, а Менск просіць павялічыць для яго аб'ёмы ўвозу ў Расею, прыводзіць словы Шастакова агенцтва БелаПАН.

Мінсельгас Расеі гатовы ў чымсьці пайсці насустрач, аднак настойвае на выкананні дамоўленасцей з боку краіны-партнёра, адзначыў Шастакоў. «Нашу занепакоенасць выклікае істотнае перавышэнне ўзгодненых аб'ёмаў паставак малочнай і мясной прадукцыі з Беларусі», - заявіў прадстаўнік Мінсельгаса.

На мінулым тыдні ў Маскве адбылася сустрэча міністра сельскай гаспадаркі Расеі Мікалая Фёдарава з міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанідам Зайцам. Бакі абмеркавалі перспектывы ўзаемнага гандлю, а таксама праблемныя пытанні, звязаныя з гэтым.

У прыватнасці, пры вызначаным на 2012 год аб'ёме ўвозу малочнай прадукцыі 3,7 млн. тон (у пераліку на малако) фактычны аб'ём паставак складзе, па прагнозе Мінсельгаса РФ, 4,1 млн. тон, да таго ж назіраецца «частковы дэмпінг».

Пастаўкі сухога суцэльнага малака замест узгодненых 14 тыс. тон у гэтым годзе склалі 26 тыс. тон. «Мы таксама завастрылі ўвагу беларускіх калегаў на шматразовым перавышэнні ўзгодненых аб'ёмаў паставак сухой малочнай сывараткі: ўзгоднена 14 тысяч тон, цяпер ужо пастаўлена 72 тыс. Яны на сустрэчы паабяцалі, што гэтую сітуацыю возьмуць пад асаблівы кантроль і далей будуць пастаўляць выключна ў рамках узгодненых аб'ёмаў» , - сказаў Шастакоў.

Ён таксама адзначыў, што сістэма трэйдараў, якая існуе ў гандлі малочнай прадукцыяй паміж Расеяй і Беларуссю, непразрыстая, і гэта з'яўляецца адной з асноўных праблем. «Ёсць прыклады таго, што малочная сываратка, таму што танней, падмешваецца да сухога малака, то ёсць пастаўляецца пад выглядам сухога малака. А гэта несправядлівая канкурэнцыя», - падкрэсліў суразмоўца.

Мінсельгас РФ таксама адзначае, што пастаўкі мяса пры ўзгодненым аб'ёме 170 тыс. ужо склалі 332 тыс. тон. Аб'ём увозу мяса птушкі перавышае ўзгоднены аб'ём у шэсць разоў, свініны - у 2,5 разы, у значным аб'ёме ўвозяцца мясапрадукты. Пры гэтым расейскі бок сумняваецца, што ўсе мяса, што ўвозіцца з рэспублікі, мае беларускае паходжанне.

«З аднаго боку, Беларусь просіць павялічыць ім імпартныя квоты на пастаўкі мяса з трэціх краін. З іншага боку, мы бачым, што гэта мяса альбо шляхам замяшчэння, альбо транзітам ідзе да нас. І мы чулі заявы неафіцыйных асобаў, што ім гэта вельмі выгадна», - заявіў Шастакоў.

І калі ў дачыненні да паставак малака беларускі бок ужо заявіў пра гатоўнасць разабрацца з сітуацыяй, то ў адносінах да імпарту мяса толькі прыняў інфармацыю да ведама. «Беларускі бок спасылаецца на тое, што доля яго паставак у агульным аб'ёме імпарту мясной прадукцыі РФ не такая значная», - растлумачыў чыноўнік. Расейскі жа бок лічыць такое стаўленне не вельмі партнёрскім. «Калі нашыя калегі не будуць прадпрымаць меры, тады мы будзем ставіць пытанне аб скарачэнні імпартных квот на пастаўку мяса для Беларусі. Імпартная квота неабходная для таго, каб запоўніць дэфіцыт, а не каб гэтае мяса перапраўляць ў РФ», - заявіў ён.

Усе праблемныя пытанні аграрныя міністэрствы дзвюх краін вырашылі абмеркаваць на сумеснай калегіі. «Папярэдне дамовіліся правесці яе ў лютым у Беларусі. На гэтай калегіі мы таксама будзем узгадняць баланс», - паведаміў Шастакоў.

Паводле яго слоў, Менск прапануе на наступны год павялічыць для яго аб'ёмы паставак мяса і малака ў Расею: прычым, павялічыць не проста ў адносінах да ўзгодненых на 2012 год аб'ёмаў, а да фактычных аб'ёмаў паставак, і на «дзесяткі адсоткаў». «Але тут будзем адстойваць пазіцыю расейскіх вытворцаў. Мы не супраць павелічэння паставак, але, па-першае, яно не павінна ісці такімі тэмпамі, а па-другое, нашы партнёры павінны ісці ў рамках узгодненых аб'ёмаў, каб наш рынак мог разумець, якія дадатковыя аб'ёмы паступаюць на расейскі рынак», - рэзюмаваў Шастакоў.

Напісаць каментар 166

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках