25 красавiка 2024, Чацвер, 2:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Берасцейскай вобласці выкарыстоўвалі нелегальную працу падлеткаў

10
У Берасцейскай вобласці выкарыстоўвалі нелегальную працу падлеткаў

Непаўналетнія працавалі без кантрактаў, без уліку працоўнага стажу, без пэўнай перыядычнасці аплаты і звышнарматыўна.

Пракуратурай Берасцейскай вобласці праведзеная праверка выканання заканадаўства аб працы, спрыянні ў працаўладкаванні і часовай працоўнай занятасці непаўналетніх, піша БелаПАН.

Яна паказала, што ў вобласці створаная і дзейнічае пэўная сістэма арганізацыі часовай працоўнай занятасці непаўналетніх і вучнёўскай моладзі, у цэлым выконваюцца накіраваныя на гэтыя мэты рэгіянальныя праграмы, усё больш маладых людзей задзейнічана ў студэнцкіх атрадах.

Разам з тым выяўлена, што не ва ўсіх установах адукацыі вобласці створаныя і працуюць штабы працоўных спраў. Звузілася кола суб'ектаў гаспадарання, гатовых забяспечыць працай студэнцкія атрады.

Зацверджанае Берасцейскім аблвыканкамам заданне на 2012 год аб працаўладкаванні моладзі ў складзе студэнцкіх атрадаў выканана не ў поўнай меры (замест 650 чалавек было задзейнічана 544).

Акрамя таго, у ходзе праверак выяўлены шэраг парушэнняў патрабаванняў заканадаўства аб працы і ахове працы непаўналетніх з боку наймальнікаў. На некаторых прадпрыемствах Баранавічаў пры ўкладанні працоўных кантрактаў з асобамі, маладзейшымі за 18 гадоў, прадугледжвалася ўмова папярэдняга выпрабавання, не пазначалася скарочаная працягласць працоўнага часу. Такія недагляды выяўленыя таксама ў арганізацыях Берасцейскага, Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў.

Пракурорам Драгічынскага раёна выяўлена, што ў асобных працоўных кантрактах з непаўналетнімі не прадугледжвалася наданне працоўнага адпачынку, не была абумоўленая перыядычнасць выплаты заробку два разы на месяц.

У Пінскім, Івацэвіцкім, Ганцавіцкім раёнах мелі месца факты прыймання на працу непаўналетніх без абавязковага папярэдняга медыцынскага агляду.

Асобныя кіраўнікі ўкладалі фактычна ўзніклыя працоўныя дачыненні з непаўналетнімі як дамовы наймання, а ў Лунінецкім раёне працоўныя кантракты з чальцамі студэнцкіх атрадаў увогуле не складаліся.

У Ганцавіцкім раёне прыйманне на працу падлеткаў рэгістравалася не ва ўсіх выпадках, не заводзіліся працоўныя кніжкі.

На шэрагу прадпрыемстваў Пінска, Івацэвіцкага і Камянецкага раёнаў непаўналетнія прыцягваліся да звышнарматыўных работ.

У мэтах ухілення выяўленых парушэнняў пракурорамі гарадоў і раёнаў вобласці ўнесены 3 прадстаўлення, вынесена 8 прадпісанняў, абвешчана 10 афіцыйных папярэджанняў аб недапушчальнасці парушэння закона. На патрабаванні пракурораў 6 службовых асоб прыцягнута да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці. Захады пракурорскага рэагавання зробленыя пракурорамі 12 раёнаў вобласці.

Пракуратурай Берасцейскай вобласці ў Берасцейскі аблвыканкам накіраваная адпаведная інфармацыя.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках