20 красавiка 2024, Субота, 12:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Дашкевіч і Наста Палажанка ажаніліся

188
Зміцер Дашкевіч і Наста Палажанка ажаніліся

Палітвязень Зміцер Дашкевіч і Наста Палажанка заключылі шлюб 26 снежня.

Шлюб даў права на спатканне - першае за два гады. Ва ўмовах гродзенскай турмы строгага рэжыму гэта - 2 гадзіны праз шкло, і то не адразу. Але Наста Палажанка, якая з сённяшняга дня стала Настай Дашкевіч, лічыць гэтыя падзеі Божым цудам на Каляды і іх са Змітром вялікай перамогай, паведамляе «Еўрарадыё».

«Мы спрабавалі некалькі разоў да гэтага падаць заяву і распісацца. Але ў нас не атрымлівалася - або Змітра пераводзілі, або адмянялі, або яшчэ нейкія прычыны знаходзілі», - кажа Наста Дашкевіч.

Больш за год ім перашкаджала фармальнасць - палітвязню так і не вярнулі пасля суда пашпарт.

«Калі мне паказвалі асабістыя рэчы Дашкевіча - сярод іх былі яго заплечнік і яго пашпарт. Але ніхто яго адпраўляць Дашкевічу ў калонію не збіраўся - бо яны выдатна разумелі, што гэта дазволіць нам распісацца. Мы з адвакатам больш за паўгода пісалі скаргі ў розныя структуры з просьбай вярнуць пашпарт. Нарэшце Генпракуратура напісала нам, што «дакладнае месцазнаходжанне пашпарта паказаць альбо пацвердзіць не атрымалася». З гэтай паперай мы звярнуліся ў калонію з просьбай аднавіць зняволенаму пашпарт», - кажа яна.

Калі пашпарт быў адноўлены, былі доўгія затрымкі, зрывы і пераносы, пакуль нарэшце Наста не пачула ў ЗАГСе дату: 19 снежня.

«Тое, што зараз адбылося, я лічу Божым цудам. Бо першапачаткова шлюб павінен быў быць 19 снежня. Я падала дакументы, і мне сказалі, што дата - 19 снежня. Я спачатку напружылася, таму што гэта было праз тыдзень, я была прастуджаная, і галоўнае - 19 снежня - гэта адна з самых трагічных дат у нашым жыцці. Але сітуацыя вырашылася за мяне - патэлефанавалі з гродзенскага ЗАГСа і паведамілі, што 19-га нічога не адбудзецца, так як у іх дзень ЗАГСа. І наш роспіс пераносіцца на 26 снежня».

Наста не верыла да апошняга, пракручвала ў галаве два варыянты - альбо новы зрыў і перанос, альбо ўсё ж такі Божы цуд на Каляды.

«Я прыехала ў гродзенскі ЗАГС, аддала свой пашпарт - і пераканалася, што ўсё ў парадку. У гэтым пашпарце мне адразу ж першай паставілі штамп аб тым, што Дашкевіч з'яўляецца маім мужам. Я яшчэ пажартавала, што зараз у Дашкевіча не будзе варыянтаў!.. Пасля гэтага мы з супрацоўніцай ЗАГСа пайшлі ў гродзенскую турму. Мяне завялі ў пакой першай, каб я чакала Змітра. Ён зайшоў, зняў на аўтамаце шапку і сказаў: «Нічога сабе!» Ён, мабыць, таксама думаў, што зноў убачыць адваката, які паведаміць, што нічога не атрымалася... Потым мы падышлі да стала, была стандартная прамова супрацоўніцы ЗАГСа. Потым спыталі, якое я бяру прозвішча. Узнікла невялікая паўза, хоць мы са Змітром неаднаразова абмяркоўвалі ў лістах гэты момант. Безумоўна, я сказала, што бяру прозвішча Дашкевіч. Ён вельмі ўзрадаваўся. Як я потым пажартавала, раней у рэжыму быў адзін Дашкевіч - адна праблема. А цяпер стала два! Потым да стала падышлі сведкі - супрацоўнікі калоніі. І Зміцер нават у жарт сказаў ім: праз год будзем святкаваць, бо мы як адна сям'я - і ўсё зарагаталі», - распавяла яна.

Наста распавядае, што ўсё адбылося вельмі хутка. 5 хвілін - сама рэгістрацыя шлюбу. Яшчэ 5 ім далі пабыць разам. Потым супрацоўнікі турмы папрасілі прабачэння і вывелі Дашкевіча з пакоя. У калоніі, дзе быў Дашкевіч раней, пасля шлюбу ім было б пакладзена трохдзённае спатканне. Тут - 2 гадзіны праз шкло. І па нейкіх прычынах у дзень вяселля яго не далі, сказаўшы «пісаць заяву - і будзе ў бліжэйшы час».

«Я была шакаваная, убачыўшы Змітра. Прыемна шакаваная. Для мяне гэта абсалютна той жа чалавек, з якім мы развітваліся. Калі мы сядзелі і размаўлялі, было ўражанне, што я бачыла яго ўчора. Не верылася, што гэта чалавек, які прайшоў такія цяжкія і страшныя выпрабаванні. Я пазнавала яго мяккі любячы погляд, пазнавала яго... Хоць ён вельмі схуднеў, вельмі бледны. Я здзівілася, што ён паголены налыса, бо ён пісаў, што хоча хоць трохі адгадаваць валасы да гэтай падзеі. Але яму пагражалі, што надзенуць на яго кайданкі і прымусяць галіцца».

Наста да апошняга не казала нікому пра вяселле, каб не сурочыць. Нават бацька даведаўся ўжо па факце.

«Бацька фактычна здагадаўся, у чым справа. Я патэлефанавала і сказала, што еду з Гродна, але без адваката. Ён адразу і спытаў: «Як справы ў Дзімы?.. «Я адказала, што Дзіма ззяе. А дома я паказала пасведчанне - і бацька павіншаваў мяне. Дарэчы, Зміцер у лісце прасіў згоды майго бацькі на гэты шлюб - і атрымаў яе».

Змітра Дашкевіча схапілі 18 снежня 2010 года і абвінавацілі ў збіцці невядомых, асудзіўшы на 2 гады зняволення. Наста Палажанка была схопленая на наступны дзень, 19 снежня 2010 года пасля Плошчы, правяла 2 месяцы ва ўнутранай турме КДБ, была асуджаная на 1 год пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 1 год.

Напісаць каментар 188

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках