19 красавiка 2024, Пятніца, 14:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бяспраўныя і прыніжаныя пішуць чыноўнікам

27
Бяспраўныя і прыніжаныя пішуць чыноўнікам

Жыхары берасцейскага дома на Набярэжнай у роспачы пішуць калектыўны зварот усім чыноўнікам адразу. 

Аб праблеме няўзгодненага з жыхарамі будаўніцтва прыватнай аптэкі ў міжкалоннай прасторы дома № 32 на Набярэжнай імя Францыска Скарыны сharter97.org паведамляў неаднаразова.

Самі ўласнікі 12-павярховага дома звярталіся ў самыя розныя інстанцыі, наведвалі чыноўнікаў шмат якіх кабінетаў, але дамагчыся выканання заканадаўства так і не здолелі. З дапамогай адваката яны напісалі не адзін зварот, дзе пералічваліся канкрэтныя нормы законаў, якія былі парушаныя падчас гэтага будаўніцтва. Аднак адказ заўсёды быў адзін: «Усё паводле закону».

Цяпер яны наважылі звярнуцца да ўсіх упаўнаважаных чыноўнікаў разам. Яны зусім не згадвалі законы, а проста акцэнтавалі ўвагу на тым, якімі бяспраўнымі ў сваёй краіне могуць быць грамадзяне. Сярод адрасатаў звароту - Аляксандр Лукашэнка і яго адміністрацыя, кіраўнікі абедзвюх «палат парламента», Урад, Генеральная пракуратура, Камітэт дзяржкантролю, Мінюст, Следчы камітэт, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, абласны і гарадскі Саветы дэпутатаў.

Сharter97.org здабыў тэкст гэтага звароту, чытаць які будзе, напэўна, цікава не толькі чыноўнікам.

ЧЫНОЎНІКІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ!

Дзякуем вам за створаныя варункі, у якіх ГРАМАДЗЯНЕ Рэспублікі Беларусь сталіся абсалютна бяспраўныя ў сваёй краіне. На сённяшні дзень мы не ў змозе абараніць сваё права на маёмасць, свой дом ад уварвання інвестара.

Мы, жыхары 12-павярховага 110-кватэрнага дома № 32 на Набярэжнай Ф.Скарыны ў г. Берасце ўжо пяты месяц не можам дамагчыся выканання законаў РБ што да рэалізацыі інвестыцыйнай дамовы, якая была ўкладзеная 19.10.2011 нашым аблвыканкамам з СТАА «Формула жыцця» (зарэгістраванага ў якасці суб'екта гаспадарання ў г.Менску 6.06.2011 г.), прадметам якога з'яўлялася будаўніцтва аптэк у г. Берасце, і, як вынік, перадача ў арэнду СТАА «Формула жыцця» без правядзення аўкцыёну зямельнага надзелу з выкарыстаннем міжкалоннай прасторы нашага жылога дома, прыблізнай плошчай 60 кв.м.

Нашаму жылому раёну больш за сорак гадоў. Усё, што трэба было пабудаваць тут, даўно пабудавана (садкі, школы, крамы, аптэкі, ашчадкасы, пошты і г.д.). Наш дом з дзяржаўнай формы ўласнасці даўно ператварыўся ў супольнае домаўладанне, бо 98 кватэр з 110 ўжо прыватызаваныя грамадзянамі.

Наш дом у Берасці ўнікальны, бо пасля пабудовы ў 1978 годзе яго яшчэ год не прымала камісія, бо ён стаў рабіць недапушчальнае ўсаджванне і, адпаведна, расколіны. Ускраек дома, дзе цяпер дабудоўваецца інвестыцыйная аптэка, стаіць на балоце, і падчас будаўніцтве там не былі ўбітыя палі. Гэта ўсё прычынілася да таго, што да 2002 года ў людзей, якія жывуць у гэтым крыле дома ўжо на ўзроўні чацвёртага паверха, былі шчыліны на вуліцу ў апорных сценах шырынёй з таўшчыню далоні. У 2005 годзе былі праведзеныя экстранныя будаўнічыя работы для ўзмацнення грунту, падмуркаў і канструкцый нашага дома. З таго часу такога жаху няма, але расколіны ўсё роўна сотнямі распаўзаюцца ў доме. Нават сёння, яшчэ да сёлетняга будаўніцтва ў людзей рвуцца шпалеры на сценах, столях, выпадае кафля ў санвузлах, дрэнна адчыняюцца нутраныя дзверы.

Перажыўшы пакуты з нашым домам, мы ў ліпені 2012 былі пастаўленыя перад фактам, што ў нашым доме, менавіта ў тым крыле, будуецца аптэка паводле інвестыцыйнай умовы. Прыехалі будаўнікі, пачалі капаць траншэі і мураваць новы будынак ў нашу міжкалонную прастору, якую 7 гадоў таму ўмацоўвалі ўсёй грамадой. Абурэнне нашых жыхароў было надмерным. Адразу ж жыхары 90 кватэр (астатнія былі па-за горадам) падпісалі пратэст супраць гэтага будаўніцтва і дзясятак зваротаў ва ўсе інстанцыі Берасця. Усе звароты спусцілася да гарвыканкама і аблвыканкама, а там адказалі: «Людзі, супакойцеся, усё паводле закону».

Мы звярнуліся ў суд, дзе паказалі, што груба парушаныя нашы правы як уласнікаў кватэр. Незразумела, згодна з якім законам у нас адабралі без законных падстаў частку прыдамовай тэрыторыі, якая належыць нам паводле закону, частку падмурка і канструкцый нашага дома, і на якой падставе інвестар асвойвае ўжо 127 кв. м нашай дваровай тэрыторыі і прылучаецца, без нашага ведама і згоды, да нашых камунікацыяй у сутарэнні нашага дома. Чаму і згодна з якім правам гэты праект не абмяркоўваўся з грамадскасцю да пачатку будаўніцтва?

Мы пацярпелі паразу ў двух судах (раённым і абласным). Нашым суддзям цяжка вынесці справядлівую пастанову, калі адказчык - гарвыканкам ці аблвыканкам. Інвестар мае рацыю, ён мае права будавацца, дзе хоча, браць, колькі хоча, зямлі і прылучацца да нашых камунікацый, а мы дык НІХТО ў гэтай краіне!

Цяпер мы чакаем пастанову старшыні Берасцейскага абласнога суда, але, улічваючы, што будоўля працягваецца і ўжо ў стадыі заканчэння, пастанова будзе, як дзве папярэднія.

У нашым доме ўжо ёсць гарадская дзіцячая бібліятэка, цырульня, у 35 метрах ад дома - санаторны сад, пад'язныя шляхі да якога ідуць праз наш двор. Планіроўка прыдамовай тэрыторыі такая, што нашы пад'езды выходзяць адразу на праезную частку. Калі прывозяць і адвозяць дзяцей з санаторнага садка, мы не можам з вазком, або хто з кіёчкам, выйсці з сваіх пад'ездаў, бо усё застаўлена самаходамі і гэта доўжыцца дзесяцігоддзямі. Але нам, выяўляецца, яшчэ не стае аптэк. Можа, годзе выпрабоўваць людзей на выжывальнасць!

Скажыце, у нас, простых людзей Рэспублікі Беларусь, ёсць якія-небудзь правы, або толькі АБАВЯЗКІ быць працавітымі, законапаслухмянымі і памяркоўнымі?

На сённяшні дзень ніякая з адпаведных службаў не спраўдзіла законнасць ажыццяўлення гэтага інвестыцыйнага праекта, хоць мы неаднаразова звярталіся з гэтай просьбай і ў органы пракуратуры (4 звароты), дзяржкантроль (2 звароты), гарвыканкам, аблвыканкам, да гарадскіх дэпутатаў і дэпутату Палаты прадстаўнікоў, адміністрацыю прэзідэнта, Следчы камітэт.

Мы выдатна разумеем, і няма ніякіх сумневаў, што ў гэтым выпадку МЫ бяспраўныя, прыціснутыя мясцовай уладай і тым самым зняважаныя!!!

Галіна Волкава, Ірына Хранкова, Ірына Леванюк і іншыя жыхары дома № 32 на Набярэжнай Ф.Скарыны (агулам пад зваротам падпісаліся 53 чалавекі).

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках