28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Волчак: Справу аб катаваннях хацелі «замяць»

19
Алег Волчак: Справу аб катаваннях хацелі «замяць»

Збіты міліцыяй Васіль Сарочык вырашыў ісці да канца, таму і была ўзбуджаная крымінальная справа, лічыць былы следчы пракуратуры.

«Я спачатку вачам не паверыў, калі прачытаў навіну, што ўзбуджаная крымінальная справа па факце катаванняў Васіля Сарочыка ў Ленінскім РУУС», - распавёў сайту charter97.org былы следчы пракуратуры і кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву» Алег Волчак.

Па словах эксперта, ёсць некалькі прычын, па якіх крымінальная справа ўсё-такі была ўзбуджаная:

«Першае - гэта актыўная пазіцыя незалежных СМІ і праваабарончых арганізацый, якія падтрымалі гэтага чалавека. Другі фактар - гэта тое, што Васіль Сарочык пайшоў да канца. Была псіхалагічная апрацоўка, каб ён паменшыў сустрэчы з праваабаронцамі і пайшоў на сакрэтнае перамір'е, каб «замяць» справу. Але Васіль Сарочык пасля такіх зневажанняў вырашыў ісці да канца. І трэці факт - следчаму камітэту не было куды падзецца ад слядоў кайданкоў і ад такой колькасці пабояў. Было б проста недарэчна, калі б яны напісалі, што ён 12 раз скакаў з лаўкі і выскокваў з акна».

Сваю ролю згулялі і станоўчыя характарыстыкі на пацярпелага, лічыць былы следчы пракуратуры:

«Яны правялі вялікую працу па зборы матэрыялу, які характарызаваў Сарочыка, апыталі па месцы працы, усюды. І ён лічыўся станоўчым чалавекам, пра яго былі добрыя водгукі. Напэўна, тут ёсць яшчэ іншы момант - Васіль Сарочык казаў аб карупцыі, што жанчына, якая ўдзельнічала ў збіваннях, «страхуе» нейкі рынак. І зараз уладам лягчэй «закрыць» яе не з-за пацярпелага, а з-за карупцыі. Магчыма, будзе распачатая яшчэ адна крымінальная справа».

Крымінальная справа ўзбуджаная пакуль не на канкрэтных супрацоўнікаў міліцыі, падкрэсліў Алег Волчак:

«Але расслабляцца нельга - справу распачалі па факце, а не ў дачыненні да канкрэтнага супрацоўніка міліцыі. У расследаванні можа быць і два, і тры абвінавачаных, і ўсё кіраўніцтва РУУС. Нам трэба працягваць трымаць вуха востра і дапамагаць чалавеку далей абараняць свае правы».

Да адказнасці за катаванні і жорсткае абыходжанне з боку міліцыі прыцягваецца 0,01% супрацоўнікаў з усіх падобных выпадкаў, упэўнены кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву»:

«У маёй практыцы, калі я працаваў следчым, было пяць крымінальных спраў, якія я давёў да суда - за збіццё і за забойства. У праваабарончай дзейнасці быў выпадак, калі давялі да суда справу аб катаваннях у Першамайскім РУУС, нават мітынг зладзілі. Але калі ўзяць па краіне - то я думаю, што са 100% выпадак Васіля Сарочыка гэта 0,01% з усіх спраў. У прыватнасці, у Маладзечне ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі па збіццю Алесі Садоўскай нам адмовілі. Таму міністру МУС Ігару Шуневічу трэба падняць ўсе адмоўныя матэрыялы і праверыць іх».

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках