19 красавiка 2024, Пятніца, 16:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналістаў затрымалі за фотаздымак Латушкі

33
Журналістаў затрымалі за фотаздымак Латушкі

Адміністрацыя менскага клуба «Цэнтр» пагрозамі патрабавала выдаліць здымкі амбасадара Беларусі ў Францыі.

Аб гэтым інцыдэнце распавяла журналістка Алена Якжык.

1 снежня ў клубе «Цэнтр», які размешчаны на Кастрычніцкай плошчы пад Палацам рэспублікі, праходзіў канцэрт гурта «Без білета». Журналістка была акрэдытаваная на гэтае мерапрыемства, піша «Салiдарнасць».

За адным са столікаў, размешчаных па перыметры залы бліжэй да сцэны, за канцэртам назірае экс-міністр культуры, цяпер амбасадар Беларусі ў Францыі Павел Латушка.

Журналістка папрасіла фатографа зрабіць адзін здымак былога міністра.

Пасля гэтага ў іх абодвух пачаліся праблемы.

Фатографа, які, як высветлілася пазней, паспеў перадаць фотаапарат знаёмым, прыкладна праз 10 хвілін пасля здымкі з залы вывела ахова. Супрацоўнікі клуба высвятлялі, навошта здымаў «высокага госця», для каго, і дзе апаратура.

Потым у фае затрымалі і Алену Якжык.

Асноўныя патрабаванні, якія гучалі, - даставіць фотаапарат і выдаліць здымкі, паколькі «госць не хоча, каб яны патрапілі ў СМІ», а таксама паабяцаць, што гэтыя кадры не будуць апублікаваныя.

Абсурднасць сітуацыі заключалася ў тым, што, у зале знаходзілася больш за сотню наведвальнікаў, большасць з якіх вялі здымку і маглі сфатаграфаваць Латушку так, што ён нават не заўважыў бы гэтага. Прычым, адразу выкласці яго фота ў сацыяльныя сеткі.

Алена Якжык сказала, што з'яўляецца журналістам, што з боку прадстаўнікоў клуба адбываецца перашкаджэнне прафесійнай дзейнасці і самаўпраўства. Яна нагадала, што Латушка - гэта публічны чалавек у публічным месцы. У адказ прагучала толькі нешта з серыі: «Толькі не трэба нам вось гэтых журналісцкіх штучак», «Вы наогул не маеце права тут здымаць». Таксама гучалі завэлюмаваныя абразы і пагрозы.

Практычна адразу было сказана, што пакуль фотаапарат не будзе дастаўлены, а кадры з Латушкам - выдаленыя, журналістаў з клуба не выпусцяць.

Затрыманых адпусцілі толькі пасля таго, як побач апынуўся сам амбасадар, які ўжо накіроўваўся да выхаду. Журналістка звярнулася да яго і спытала пра прычыны свайго затрымання.

Новаспечаны амбасадар зрабіў здзіўлены выгляд, а ўсе прысутныя дружна сказалі, што ніхто нікога не ўтрымлівае.

- Значыць, я магу ісці? - звярнулася журналістка да Латушкі.

- Вядома. Але скажыце, ці магу я правесці вечар як прыватная асоба?! - прагучала з яго боку напрыканцы.

Фатограф паведаміў, што яго адпусцілі толькі пасля таго, як ён даў ім свае кантактныя дадзеныя, паабяцаўшы, што фота не выйдзе. «Мне вельмі шкада, што даводзіцца так паступаць, але ў мяне ёсць сям'я і я баюся, што ў адваротным выпадку могуць быць наступствы», - сказаў ён у тэлефоннай размове журналістцы пасля канцэрту.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках