19 красавiка 2024, Пятніца, 10:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Front Line Defenders: Падатковую выкарыстоўваюць для ціску на праваабаронцаў

4
Front Line Defenders: Падатковую выкарыстоўваюць для ціску на праваабаронцаў

Падвергнуцца судоваму пераследу ў сувязі са справай Алеся Бяляцкага рызыкуе праваабаронца Таццяна Рэвяка.

Раней Таццяна падала падатковую дэкларацыю за перыяд з 2004 па 2010 гг., у якой былі знойдзеныя парушэнні. Таццяна Рэвяка - прэзідэнт Беларускага дома праў чалавека і сябра савета Праваабарончага цэнтра «Вясна», кіраўніком которго з'яўляецца Алесь Бяляцкі, піша ПЦ «Вясна».

Падчас допыту ў Першамайскай раённай інспекцыі Таццяна Рэвяка даведалася, што ў інспекцыю паступіла інфармацыя з крымінальнай справы Алеся Бяляцкага «ад вышэйстаячых органаў» з нагоды грашовых пераводаў з яго банкаўскага рахунку на рахунак Таццяны Рэвяка ў Літоўскім банку.

Крымінальная справа ў дачыненні да Алеся Бяляцкага з нагоды «ўхілення ад выплаты падаткаў" была ўзбуджаная на падставе інфармацыі аб яго банкаўскіх рахунках, якую ўлады Беларусі атрымалі з Літвы і Польшчы. Нягледзячы на той факт, што літоўскі МЗС афіцыйна абверг прадстаўленую інфармацыю, і той факт, што грошы на рахунках прызначаліся для фінансавання праваабарончых праграм ПЦ «Вясна», суд прызнаў усе сродкі асабістымі грашыма праваабаронцы.

24 лістапада 2011 года Алесь Бяляцкі быў прызнаны вінаватым ва «ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйных памерах» Першамайскім раённым судом Менска і прысуджаны да 4,5 гадоў калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці, уключаючы «маёмасць, зарэгістраваную на іншых асоб». Суд таксама аштрафаваў Бяляцкага на 721 мільён беларускіх рублёў (63,800 Еўра) для кампенсацыі судовых выдаткаў.

Таццяна Рэвяка выступала ў якасці сведкі па справе Алеся Бяляцкага. Яна прызнала, што атрымлівала грашовыя перавода з рахункаў Алеся Бяляцкага для рэалізацыі праваабарончых праграм «Вясны», аднак адмовілася даць падрабязную справаздачу аб тым, як менавіта грошы былі выдаткаваныя, скарыстаўшыся правам не сведчыць супраць сябе згодна з арт. 27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Ёсць асцярогі, што грашовыя сродкі, прызнаныя асабістай уласнасцю Алеся Бяляцкага, за якія ён ужо быў аштрафаваны (нявыплата падаткаў і несвоечасовыя выплаты) могуць быць прызнаныя асабістай уласнасцю Таццяны Рэвяка і выкарыстоўвацца як падстава для ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да яе.

Front Line Defenders лічыць, што падатковая інспекцыя выкарыстоўваецца ўладамі для таго, каб аказаць дадатковы ціск на сябраў праваабарончага цэнтра «Вясна», якія вырашылі працягваць сваю дзейнасць па абароне праў чалавека ў Беларусі, нягледзячы на тое, што нядаўна памяшканне іх офіса было канфіскавана.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках