Літоўскія памежнікі бралі хабару з беларускіх кіроўцаў
65- 6.12.2012, 19:00
Схаваная праверка літоўскага пагранічнага пункта, распачатая са скаргаў кіроўцаў, вялася чатыры месяцы.
Масавыя затрыманні літоўскіх памежнікаў на літоўска-беларускім прапускным пункце 5 снежня замарудзілі яго працу і расцягнулі чаргу з аўтамабіляў на 10 км. Віруе самая вялікая антыкарупцыйная справа ў гісторыі Літвы, затрыманы кожны трэці памежнік на памежным пераходзе Каменны Лог — Мядзінінкай, распавядае «Еўрарадыё»..
«Кагосьці арыштавалі на працоўным месцы, кагосьці — адразу па іх прыбыцці на працу, некаторых — у сябе дома. Усяго па крымінальнай справе аб хабарніцтве і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі будуць праходзіць больш за 30 памежнікаў перахода Мядзінінкай», — вынікі маштабнай антыкарупцыйнай аперацыі паведаміў дырэктар Мытнага камітэта Антанас Шыпавічус.
Паводле інфармацыі следства, кіроўцы грузавых аўтамабіляў, што ехалі праз беларуска-літоўскі памежны пераход Каменны Лог — Мядзінінкай, разам з дакументамі перадавалі літоўскім службоўцам 20-40 літаў, ці каля 100 тысяч беларускіх рублёў. Кіроўцы добра ведалі: калі не "залагодзіць" памежнікаў, то яны будуць шукаць парушэнні і праводзіць доўгую праверку аўтамабіля. Дадатковая сума, памер якой мог вагацца і афіцыйнымі асобамі пакуль не паведамляецца, бралася, калі раптам пры праверцы дакументаў памежнікі знаходзілі нейкую памылку.
«Існавала непісаная сістэма: самі кіроўцы ўжо ведалі, што ім рабіць і што будзе, калі гэтага не зробіш», — паведаміў чыноўнік літоўскага Памежнага камітэта Гедрус Цынінас.
Ці дзяліліся сваім прыбыткам памежнікі з сваімі начальнікамі, кіраўнікі Памежнага камітэта пакуль не ведаюць. Адна з мэтаў крымінальнай справы — знайсці ініцыятараў карупцыйнай сістэмы і высвятліць, ці існавала схема размеркавання грошай. Старшыня Памежнага камітэта прызнае, што карупцыя памежнікаў — не таямніца.
«Гэта — вялікая праблема, асабліва на памежных пунктах з Беларуссю і Расіяй. Але не магу казаць, што карупцыі няма на ўнутраных памежных пунктах ці водных партах», гаворыць Антанас Шыпавічус:.
Падлічана, што затрыманыя памежнікі зараблялі каля 2000 літаў, ці каля 600 еўра, у месяц. Памежная змена збірала каля тысячы літаў хабару. Сама праверка аб хабарах на беларуска-літоўскім памежным пункце доўжылася чатыры месяцы. Ужо даўно ў літоўскі Памежны камітэт паступалі скаргі і ад арганізацый перавозчыкаў, і бізнесоўцаў, і ананімныя паведамленні ад кіроўцаў.
Згодна са словамі прадстаўнікоў Памежнага камітэта Літвы, спярша намагаліся вырашыць праблему "мірнымі" спосабамі: спрабавалі праводзіць ратацыю памежнікаў, пераводзіць у іншыя памежныя пераходы, рабіліся візіты чыноўнікаў на памежны пункт і памежнікам тлумачылі пра магчымыя наступствы патэнцыйнай карупцыйнай справы. Усё гэта не дапамагло.
«Уся гэтая праца не прынесла вынікаў. Мы ўжылі усе метады кантролю, але чаканага станоўчага выніку так і не дачакаліся. Тады прынялі рашэнне пайсці на крайнія меры крымінальнага пераследу», - гаворыць Антанас Шыпавічус.
Цяпер за хабарніцтва і злоўжыванне службовым становішчам дзеля прыватнага ўзбагачэння мытнікам пагражае да 7 гадоў зняволення. Мытны камітэт мае намер запрасіць падтрымкі іншых інстытуцый, у тым ліку падатковай інспекцыі, якая праверыць абвінавачаных у карупцыі памежнікаў на наяўнасць шыкоўных аўтамабіляў і дарагіх дамоў.