19 красавiка 2024, Пятніца, 16:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дырэктар «Арт-сядзiбы»: Ідэолагі баяцца інтэлектуалаў

5
Дырэктар «Арт-сядзiбы»: Ідэолагі баяцца інтэлектуалаў

Закрыццё культурнай пляцоўкі ў трэці раз запар не прымусіць арганізатараў адмовіцца ад сваёй працы, заявіў Павел Белавус.

«Вельмі непрыемна, што закрыццё культурнай пляцоўкі ў чарговы раз рабілася праз кагосьці - праз арандатараў, уласнікаў, якіх выклікаюць, праводзяць з імі нейкія размовы, а з намі не звязваюцца. Мы збіраемся запісацца на сустрэчу з аддзелам ідэалогіі Менгарвыканкама, каб нам патлумачылі, у чым наша праблема, што мы не так робім і чаму мы з'яўляемся ворагамі Беларусі. Вядома, нам могуць адказаць адпіскамі. Але мы хочам пачуць рэальны адказ, чаму ў Беларусі нельга ствараць культурную пляцоўку, дзе людзі будуць спяваць і чытаць вершы па-беларуску», - распавёў сайту charter97.org дырэктар «Арт-сядзiбы» Павел Белавус.

Па словах Паўла Белавуса, за закрыццямі «Арт-сядзiбы» стаяць простыя ідэолагі, якія такім чынам перастрахоўваюцца ці спрабуюць атрымаць павышэнне:

«Я думаю, ідэолагі проста перастрахоўваюцца і зарабляюць гэтым на новую пасаду. Адсачылі, што мы зноў адкрываем культурную пляцоўку - зрабілі званкі, нацкавалі на нас санінспекцыю і пажарнікаў і напісалі справаздачы, што ў чарговы раз спынілі «дэструктыўную дзейнасць». Я не думаю, што мы такія значныя, каб намі цікавіліся вышэйшыя структуры і спецслужбы. Проста ідэолагі баяцца за сваё крэсла і самі не разумеюць, што робяць глупства.

Сустрэцца з намі - гэта не праблема. Можа быць, яны баяцца, што мы іх інтэлектам задушым альбо ў іх не будзе довадаў адказаць, за што нас закрываюць? Проста хочацца паглядзець у вочы людзям, якія гэта робяць і спытаць - навошта?».

«Арт-сядзiба» можа перайсці ў анлайн, адзначыў яе дырэктар:

«Мы ўжо стварылі брэнд, у нас вялікая супольнасць сяброў, музыкаў і літаратараў. За год існавання ў нас з'явілася мноства кантактаў, з'явіліся людзі, якія намі цікавяцца. Мы праводзім мерапрыемствы і не маючы памяшкання - знялі фільм «Мова. Музыка. Маладосць» пра гісторыю беларускай музыкі, напрыклад. Цяпер ёсць ідэя зрабіць на Каляды творчы марафон у Чырвоным касцёле. Музыкі будуць спяваць у ім калядныя песні, а ўваход будзе вольным. Паралельна мы супрацоўнічаем з клубамі, арганізатарамі канцэртаў і дапамагаем анансаваць і праводзіць культурныя мерапрыемствы. У крайнім выпадку, калі ў нас так і не атрымаецца знайсці памяшканне, мы створым анлайн-пляцоўку, якая будзе распавядаць пра творчыя ініцыятывы, якія будуць у Беларусі».

У любым выпадку культурная пляцоўка працягне сваю дзейнасць, падкрэсліў Павел Белавус:

«Мы хочам пераканаць чыноўнікаў, што нас не трэба баяцца і палохацца пры з'яўленні ў СМІ фразы «Арт-сядзiба» праводзіць», «Арт-сядзiба» арганізуе». Мы не збіраемся з'язджаць з Беларусі. Мы тут нарадзіліся і хочам працаваць тут. Мы знойдзем форму для працы, бо хто, як ні мы, будзе вырашаць лёс нашай краіны. Мы не спынімся».

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках