20 красавiка 2024, Субота, 3:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Польскі алімпіец распавёў аб допінгу ў беларускіх лёгкаатлетаў

33
Польскі алімпіец распавёў аб допінгу ў беларускіх лёгкаатлетаў

Алімпійскі чэмпіён у кіданні молата Шыман Зюлкоўскі распавёў пра тое, што ён бачыў на трэніроўках ў Беларусі.

Пра гэта ён распавёў польскаму выданню «Gazeta Wyborcza».

Пасля таго, як у 2004 годзе беларус Пётр Зайцаў стаў трэнерам польскай каманды ў кіданні молата, палякі часта ездзілі ў Беларусь на трэніроўкі. «Іх дасягненні настолькі нас здзівілі, што мы адразу западозрылі: без допінгу тут ніяк», - кажа Шыман Зюлкоўскі.

Польскі спартсмен адзначае, што з такімі сітуацыямі ў Беларусі ён сустракаўся неаднаразова. Падчас трэніровак ён упершыню даведаўся пра таямнічыя «левыя грошы» ў Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі:

«Калі хтосьці не хацеў, каб яго правяралі, то раз у год «даваў на лапу», потым яго ніхто не чапаў. Іх альбо не абследавалі альбо папярэджвалі, і яны нечакана знікалі. Так было, напрыклад, з Вадзімам Дзевятоўскім. У 2004 годзе я, Войтэк Кандратовіч і Каміла Скалімоўская паехалі на трэніроўку ў Наваполацк, адкуль ён родам. Увечары ён нечакана кажа, што павінен ехаць у Маскву. Яго не было суткі. Раніцай прыехала антыдопінгавая камісія. Калі ён вярнуўся, то не змог нават адказаць, колькі каштуе білет на цягнік, а ехаў ён цягніком. Гэта была хлусня», - кажа Зюлкоўскі.

Польскі спартсмен успамінае адказ Ціхана на яго пытанне пра сляды ўколу каля пупа. Ціхан адказаў, што яны - ад спражкі пояса.

Зюлкоўскага таксама здзівіла падрыхтоўка Ціхана:

«Ніхто пры здаровым розуме не сядзіць дома, адмаўляючыся ад удзелу ў сустрэчах, каб зарабіць хаця б тысячу даляраў. А здаралася такое, што Іван за ўвесь сезон удзельнічаў толькі ў чэмпіянаце Беларусі. Так было перад Алімпіядай у 2008 годзе.

Беларус атрымаў тады лепшы вынік у свеце - 84,51.

Шыман Зюлкоўскі кажа, што асабіста яму Зайцаў ніколі не прапаноўваў скарыстацца допінгам, але...

«Трэніруючыся па яго плану, я не бачыў выніку цяжкай працы. У красавіку 2008 года, калі я ўбачыў чарговы план, то спытаўся ў яго: «Ці магчыма такі план рэалізаваць без «дапамогі»? Зайцаў не адказаў, але дурнавата ўсміхнуўся. Гэта быў канец нашага супрацоўніцтва», - успамінае Зюлкоўскі.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках