29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фядыніч: Лёсамі рабочых будуць распараджацца мясцовыя «цары»

44
Фядыніч: Лёсамі рабочых будуць распараджацца мясцовыя «цары»

Дэкрэт № 9 аб «прыгоне» не паддаецца ніякай логіцы, мяркуе лідар прафзвязу.

«Калі наймальнік можа парушаць кантракт, а работнік не можа звольніцца, то гэта самае жорсткае парушэнне правоў чалавека. Адмова наймальніка ў скасаванні кантракту можа быць абскарджаная толькі старшынём аблвыканкама. Прычым тут губернатар, калі ёсць суды? Або Лукашэнка паставіў сваім дэкрэтам крыж на судах, і ўсім распараджацца будуць мясцовыя «цары»? Гэта парушэнне і канстытуцыйных правоў і правоў чалавека», - распавёў сайту charter97.org старшыня прафзвяза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч.

Эксперт упэўнены, што незалежныя прафзвязы здолеюць абараніць правы рабочых дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў:

«Што да выплат, узнікае пытанне, з якіх грошай гэта бярэцца? Калі з фонду Лукашэнкі, то гэта не прыбытак. Але тут сказана, што суму выплат вызначае наймальнік, значыць, грошы ідуць з прыбытку прадпрыемстваў, які рабочы сваім гарбом і зарабіў. І што ён будзе вяртаць - заробак? Гэта самае жорсткае парушэнне, і мы будзем яго абскарджваць. Калі людзі з «Барысаўдрэва» ці іншага дрэваапрацоўчага прадпрыемства звернуцца да нас, мы знойдзем магчымасць, як ім стварыць прэцэдэнт. Гэта незаконнае ўтрыманне рабочых на працоўных месцах».

Генадзя Фядыніча абурае, што рабочых пры звальненні могуць прымусіць вярнуць даплаты:

«Дэкрэта № 29 аб кантрактнай сістэме было мала, пастанавілі прыняць яшчэ адзін. І што гэтыя падачкі будуць даваць, а калі раптам не так сябе павёў, незадаволены працай і выказаў прэтэнзіі да наймальніка ці звольніўся, з цябе будуць гэтыя грошы вылічваць? Дзе гэта ў свеце бачылі! Дэкрэт № 9 - гэта такая беларуская вынаходка, што нават для спецыялістаў яна не паддаецца ніякай логіцы».

«Рабочыя могуць абараняцца ад дэкрэта, калі будуць дзейнічаць разам, а не па адным», - упэўнены лідар прафзвязу.

Нагадаем, сёння дыктатар падпісаў Дэкрэт № 9 «Аб дадатковых захадах у развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці». Згодна з ім, работнікі ў гэтай сферы падчас мадэрнізацыі вытворчасці могуць звальняцца толькі з дазволу начальства.

Падчас мадэрнізацыі рабочым дрэваапрацоўчай прамысловасці будуць выплачвацца дадатковыя даплаты, якія падлягаюць вяртанню ў выпадку «парушэння работнікамі сваіх працоўных абавязкаў» і «звальнення за правіны».

Калі рабочы не верне гэтыя сродкі, то іх праз суд спагоняць з заробку на ягоным новым месцы працы, а калі такога месца няма, то яго прымусова ўладкуюць на ранейшае месца працы з утрыманнем раней выплачаных грашовых сродкаў.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках