28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Гайдукоў сустрэўся з адвакатам у следчым ізалятары

15
Андрэй Гайдукоў сустрэўся з адвакатам у следчым ізалятары

Адвакатка Алена Трушкіна наведала Гайдукова ў віцебскім следчым ізалятары № 2.

Пра гэта распавяла маці арыштаванага наваполацкага актывіста, якога месяц таму затрымалі і абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве ў форме агентурнай дзейнасці».

Па звестках адвакаткі, у камеры, дзе сядзіць Андрэй Гайдукоў, знаходзяцца пяць чалавек, на здароўе ня скардзіцца і трымаецца добра, паведамляе «Радыё Свабода».

«Адвакат схадзіла да яго, сказала, што духам ён не ўпаў, трымаецца нармальна, і гэта добра. Яна схадзіла да яго на сустрэчу, сказала, што ў камеры іх пяцёра, гэта няшмат. Так што маральна трымаецца добра, нармальна сябе адчувае, не хварэе, усе добра. Яна мяне супакоіла, бо гэта — самае галоўнае!»- сказала Вольга Гайдукова.

Алена Трушкіна была самым першым адвакатам Андрэя Гайдукова адразу па затрыманні 8 лістапада ў Віцебску. Паводле жадання хлопца, менавіта спадарыня Трушкіна зноў пачала з ім працаваць, калі ў пачатку снежня яго перавялі з менскага СІЗА КДБ у віцебскі следчы ізалятар.

Пасля таго, як Андрэю Гайдукову не пагадзіліся змяніць меру стрымання на падпіску аб нявыездзе, пра нейкія далейшыя перспектывы развіцця падзеяў маці не загадвае. Але і сын, і сама спадарыня Вольга хацелі б, каб не было праблем з вучобай. Андрэй навучаецца з Полацкім дзяржаўным універсітэце завочна, і неўзабаве пасля Новага году ў яго пачнецца чарговая сесія.

Родныя і сябры кажуць, што хацелі б бачыць Андрэя Гайдукова на волі. Яны не вераць у версію, афіцыйна агучаную КДБ, што 23-гадовы аператар «Нафтану» займаўся шпіянажам і быў затрыманы «падчас закладкі тайніка са звесткамі, якія цікавяць замежныя спецслужбы». Артыкул 356 «Здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці», паводле якога вінавацяць хлопца, прадугледжвае пакаранне турэмным зняволеннем на тэрмін ад 7 да 15 гадоў.

Прычыну ўвагі КДБ да Андрэя Гайдукова знаёмыя тлумачаць ягонай грамадскай дзейнасцю. Яны згадваюць, што раней «людзі ў цывільным» неаднаразова папярэджвалі хлопца, каб ён не дэманстраваў сваіх апазіцыйных палітычных поглядаў.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках