Глабальны Форум супраць беларускай тыраніі
9- 4.06.2012, 9:31
На Глабальным форуме ва Уроцлаве гучнейшай была тэма Беларусі.
На форуме, на якім прысутнічала палітычная эліта свету, выступілі дзве беларускі - дырэктарка Свабоднага тэатра Наталля Каляда і жонка палітвязня Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук. На мерапрыемства былі таксама запрошаныя першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч і лідар руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.
2 чэрвеня ў межах Глабальнага форуму, які праходзіў ва Уроцлаве, адбылося ўручэнне ўзнагарод Свабоды. У мінулым годзе гэтую ўзнагароду, сярод іншых, атрымаў кіраўнік беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, які неўзабаве пасля форуму быў арыштаваны і прысуджаны да турэмнага зняволення.
У гэтым годзе лаўрэатамі сталі Амерыканскі Фонд падтрымкі дэмакратыі, віцэ-прэзідэнт італьянскага Сената і кіраўнік фонду арабскай дэмакратыі Эма Баніна і Уладзіслаў Барташэўскі, былы міністр замежных спраў Польшчы, старшыня міжнароднага савета Нацыянальнага музея Асвенцыма. Акрамя таго узнагароды Свабоды быў удастоены туніскі народ у асобе прэзідэнта краіны Мансэфа Марзукі.
Падчас цырымоніі ўручэння цяперашніх узнагарод прайшла акцыя салідарнасці з Алесем Бяляцкім і іншымі палітвязнямі. Калі прагучалі іхнія прозвішчы, тысячная зала апладзіравала стоячы.
На вялікім гала-мерапрыемстве, якое адбылося 2 чэрвеня, Беларусі была нададзеная асаблівая ўвага. Тут прагучала выступленне Наталлі Каляды.
«На працягу двух дзён ва Уроцлаве ў Польшчы праходзіць Глабальны форум, арганізаваны Атлантычнай радай. У гэты ж час у розных частках Беларусі прайшлі арышты, у Гродне 18 прадстаўнікоў польскай меншасці былі затрыманыя з-за таго, што яны пратэставалі супраць русіфікацыі польскай школы. У мінулым годзе на гэтай сцэне атрымліваў узнагароду Алесь Бяляцкі. З тых часоў шмат што змянілася. Бяляцкі зараз турме, многія юрысты, якія абаранялі палітвязняў, пазбавіліся сваіх ліцэнзій, адбываюцца новыя арышты, тыя людзі, якія выйшлі на волю, застаюцца разам са сваімі сем'ямі закладнікамі рэжыму, два чалавекі былі пакараныя смерцю. Гэты доўгі спіс можна працягнуць.
16 снежня 2011 года мы, як заснавальнікі тэатра, разам з 20 дзеячамі мастацтва з усяго свету, уключна з Ай Вэй Вэям, Томам Стопардам і Вацлавам Гавелам заявілі аб надзвычайным становішчы ў Беларусі. У той жа дзень мы атрымалі паведамленне ад Вацлава Гавела ў якім ён сказаў: «Вы маеце мой голас, і мы павінныя дзейнічаць хутка ў дачыненні да Беларусі». Праз дзень ён памёр, да апошняй хвіліны свайго жыцця застаючыся прыкладам маральнасці ў палітыцы для беларускага народа. Сёння я звяртаюся да ўсіх, хто моцны, здаровы і жывы з заклікам дзейнічаць хутка і дамагчыся пераменаў у Беларусі, да беларусаў як у краіне, так і за яе межамі, бо ніхто за нас гэтага не зробіць. У той жа час, ведаючы досвед «Салідарнасці», калі ўвесь свет падтрымліваў барацьбу за дэмакратыю ў Польшчы, я звяртаюся да лідараў дэмакратычных краін: вы павінныя даказаць усім тыранам - у Сірыі, Іране, Паўночнай Карэі, што ЕЗ і ЗША з `яўляюцца сусветнымі лідарамі і не спыняцца перад апошнім дыктатарам Еўропы.
Ад імя Беларускага Свабоднага тэатра я прысвячаю гэтую ўзнагароду ўсім незалежным дзеячам мастацтва ў Беларусі. Разам мы павінныя зрабіць голас людзей, голас беларускага народа мацнейшым. Таксама гэтая прэмія належыць усім палітычным вязням Беларусі, якія былі і застаюцца да гэтага часу ў турмах, іхнім сем'ям і сем'ям тых, каго выкралі і забілі.
Разам мы можам вярнуць павагу да людзей, забыўшыся на геапалітычныя інтарэсы і фінансавыя прыбыткі дзеля чалавечых жыццяў», - заявіла кіраўніца Свабоднага тэатра.
«Салідарнасць - гэта тое, што падтрымлівае Алеся ў турме. Людзі актыўна яму пішуць. Тое, што імя Алеся на слыху, і сённяшняя цырымонія - гэта кажа аб той увазе, у цэнтры якой знаходзіцца Алесь», - сказала жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук.
Пры адкрыцці Глабальнага форуму пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі адзначылі ў сваіх выступах першы прэзідэнт свабоднай Польшчы Лех Валенса, былы прэм'ер-міністр Польшчы Ян Бялецкі, мэр Вроцлава Рафал Дуткевіч, прэзідэнт Атлантычнай рады Фрэдэрык Кемпі.
У межах Форума ва Уроцлаве ў Наталлі Каляды адбылася працяглая сустрэча з еўракамісарам па пытаннях пашырэння і палітыкі добрасуседства Штэфанам Фюле, падчас якой былі абмеркаваныя ўсе спектры развіцця сітуацыя ў Беларусі. Адбыліся таксама сустрэчы з прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам Атлантычнага Савета Фрэдэрыкам Кемпі і Даміанам Уілсанам, старэйшым супрацоўнікам Атлантычнай Рады Іанам Бжэзінскім, прэзідэнтам Польшчы ў 1995-2005 гадах Аляксандрам Квасьнеўскім і кіраўніком МЗС Туніса, які папрасіў беларусаў не здавацца. «Як паказвае досвед Туніса, змены могуць адбыцца ў любы момант», - сказаў ён.




Станіслаў Шушкевіч і былы кандыдат у прэзідэнты ЗША, сенатар Джон Макейн
