Гомель накрыла хваляй за лічаныя хвіліны (Фота, відэа)
44- 11.07.2012, 10:27
За лічаныя хвіліны цэнтр горада ператварыўся ў вадасховішча.
Увечары 10 ліпеня на Гомель абрынуўся небывалы лівень. Горад затапіла так, што некаторыя сур'ёзна асцерагаліся паўтарэння трагічных падзей пачатку ліпеня ў расейскай Кубані, паведавляе odsgomel.org.
Стабільна шчыльны дождж ішоў у горадзе пачынаючы прыкладна з 17.30, аднак крыху пазней 19 гадзін паток вады ператварыўся ў шквальны.
Найбольш моцныя падтапленні здарыліся ў Навабеліцкім раёне (на пад'ездзе да маста праз раку Сож), у цэнтры горада (па вуліцы Савецкай, ад Піянерскага скверыка і да Цырка), на скрыжаванні вуліц Гомельскай і Барыкіна (каля СШ № 3), у Мохава пераезда, на кальцы каля Завода гандлёвага абсталявання, у раёне Палескага маста, на вул. Багдана Хмяльніцкага ў раёне ваенкамата.
Осторожно, ненормативная лексика
«Колькі я тут жыву, каля 3-й школы заўсёды бываюць праблемы з «ліўнёўкай» (ліўневая каналізацыя). Пасля любога моцнага дажджу тут ўтвараюцца маленькія азёры. Але такога як сёння я яшчэ не бачыў», - распавёў жыхар Савецкага раёна.
Пасля здарэння многія гамяльчане адзначаюць, што праблемы з ліўневай каналізацыяй былі ў горадзе яшчэ ў часы папярэдняга кіраўніка горада Аляксандра Якабсона, аднак з тых часоў нічога не змянілася.
Гамяльчанка Кацярына распавяла, як яна дабіралася з Навабеліцкага раёна ў раён «Старога аэрадрома» (гэта значыць, павінна была перасекчы цэнтр горада), і патрапіла, такім чынам, у самы эпіцэнтр падзей.
«Так атрымалася, што ў той час, калі пайшоў моцны дождж з навальніцай (які сіноптыкі абазвалі кароткачасовым) мне неабходна было тэрмінова дабрацца з Навабеліцы ў раён «Стары Аэрадром». Я, у прынцыпу, люблю дождж і навальніцу, і пасля затхлага гарачага надвор'я толькі парадавалася такому ліўню, але, як апынулася, рана», - распавядае Кацярына.
«Спусціўшыся з Навабеліцкага маста, мы ўбачылі, што нізкія машыны па дзверцы ў вадзе, рухаюцца з чарапашай хуткасцю, наш тралейбус амаль не рухаўся, вады было вельмі шмат, а наперадзе была вялізная пробка. Кіроўца сказаў, што не зможа нас высадзіць пасярэдзіне дарогі, гэта забаронена. Мы адкрылі усе вокны, было душна і мы пачалі прасіцца на вуліцу. Кіроўца доўга супраціўляўся, але выпусціў нас (дзякуй вадзіцелям аўто, якія нас прапускалі). Выйшаўшы з тралейбуса, мы рушылі да прыпынку ЗВП, якое ж было шчасце, убачыць аўтобус пад нумарам 12! Гэта было выратаваннем», - працягвае яна.
«Аднак, не даехаўшы да прыпынку «Цырк», мы трапілі ў пробку, пратрымаўшы нас у салоне некалькі хвілін, кіроўца адкрыў дзверы, каб выпусціць усіх жадаючых, сярод якіх была і я. Дайшоўшы да прыпынку «Цырк», я зразумела, што ўсё яшчэ горш, чым я меркавала. Ад прыпынку «Цырк» да самога цырка усё было пакрыта вадой. На маіх вачах праплывала ў бок газетнага кіёска машынка савецкай мадэлі. Людзі спрабавалі перайсці вуліцу, стоячы па калена ў вадзе, і я пайшла за імі (мне тэрмінова трэба было дадому). Калі я спрабавала перайсці па пераходзе ад прыпынку «8-е сакавіка» да самага цырка, я спатыкнулася, т. к. з-за бруднай, непранікальнай вады я не бачыла, куды наступаць, ішла навобмацак, па памяці, і ўсё ж такі спатыкнулася і ўпала ў ваду. Побач знаходзіліся супрацоўнікі міліцыі і група маладых людзей, але ніхто мне так і не дапамог падняцца».
Твітэр-акаўнт МНС, у сваю чаргу, паведамляе, што супрацоўнікам ведамства давялося эвакуіраваць каля 50 чалавек з грамадскага транспарту, а таксама дапамагаць кіроўцам легкавых аўтатранспартных сродкаў. Людзей з аўтобуса эвакуіравалі на лодках. Па словах відавочцаў, гэта адбывалася на вул. Інтэрнацыянальнай, у раёне прыпынку ЗВП, дзе ў палоне воднай стыхіі апынуліся аўтобусы.
У выніку патопа ў некаторых месцах Гомеля праваліўся асфальт. Так, твітэр-акаўнт @ gomel_catholic прыводзіць фота ямы на вуліцы.










