УкрСіббанк падтрымаў эмбарга супраць Беларусі
85- 5.07.2012, 16:23
АТ «Укрсіббанк» адмаўляецца абслугоўваць фізасоб - грамадзян Беларусі.
Тлумачыцца гэта міжнародным эмбарга, якое ў дачыненні да Беларусі ўвёў яго матчын банк – бельгійскі BNP Paribas.
«У абменным пункце «Укрсіббанка» ў Кіеве ў мяне адмовіліся абмяняць на грыўні даляры ЗША. Касір абменніка сказала: «Мы з беларусамі не маем спраў ўвогуле», - паведаміў агенству «Інтэрфакс-Захад» жыхар Мінска, які стаў ахвярай міжнароднага эмбарга.
У якасці доказа пацярпелы прадаставіў у агенства фатаграфію аб'явы, аддрукаванай на афіцыйным бланку «Укрсіббанка», у якой паведамляецца: «Наш банк прадастаўляе паслугі сваім кліентам, максімальна прытрымліваючыся міжнародных банкаўскіх стандартаў і існуючых нарматыўных актаў. Банкам выконваюцца працэдуры ўнутранай палітыкі BNP Paribas Group міжнароднага эмбарга ў дачыненні Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым банк можа адмовіць вам у правядзенні пэўных банкаўскіх аперацый».
Прадстаўнік цэнтральнага офіса банка ў Кіеве, спецыяліст сектара індывідуальнага бізнесу «Укрсіббанка» Таццяна Гаўрыленка пацвердзіла агенству «Інтэрфакс-Захад» забарону на абслугоўванне банкам фізасоб - грамадзян Беларусі. «Так, мы не абслугоўваем жыхароў Беларусі – такое рашэнне зацверджана ўнутраным загадам «Укрсіббанка» на падставе рашэння BNP Paribas аб міжнародным эмбарга ў дачыненні Беларусі. Мы з'яўляемся часткай BNP Paribas, таму рашэнні матчынай структуры з'яўляюцца абавязковымі для «Укрсіббанка», - паведаміла Т.Гаўрыленка карэспандэнту «Інтэрфакс-Захад» падчас тэлефоннай размовы. «Палітыка міжнароднага эмбарга, якое ўвёў BNP Paribas, у тым ліку прадугледжвае забарону на абслугоўванне фізічных асоб – грамадзян Беларусі», - удакладніла прадстаўнік «Укрсіббанка». Паводле яе словаў, банк таксама не мае стасункаў з беларускімі юрасобамі, аднак захоўвае карэспандэнцкія адносіны з шэрагам беларускіх банкаў.
Як паведамлялася, у канцы 2011 года BNP Paribas, Deutsche Bank і The Royal Bank of Scotland заявілі аб спыненні супрацоўніцтва па палітычных матывах c беларускімі ўладамі. Гэтыя банкі разам з Сбербанкам РФ з'яўляюцца арганізатарамі двух выпускаў беларускіх еўрабондаў на агульную суму $1,8 млрд, размешчаных у сярэдзіне 2010 года і пачатку 2011 года.
BNP Paribas належыць амаль 85% акцый «Укрсіббанка», астатнія 15% належаць Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР). Банкі, якія ўваходзяць у BNP Paribas Group, дзейнічаюць у 80 краінах свету.