«Коммерсант»: Лукашэнку давядзецца адказаць перад Масквой
79- 9.07.2012, 6:11
Расея мае сумесную з Беларуссю сістэму СПА, а беларуская мяжа апынулася «дзіравай».
Гісторыя з «бамбардзіроўкай Беларусі плюшавымі мішкамі» атрымала дакументальнае пацверджанне. У выхадныя на беларускіх апазіцыйных рэсурсах з'явіліся відэакадры, якія даказваюць, што паветраная прастора краіны была парушана шведскімі праваабаронцамі. Эксперты ў Менску лічаць, што інцыдэнт можа дорага абысціся беларускім сілавікам, і параўноўваюць тое, што здарылася са з'яўленнем у 1987 годзе на Чырвонай плошчы самалёта Маціяса Руста, піша «Коммерсант».
Відэакадры, выкладзеныя ў інтэрнэце, суправаджаюцца каментарамі аднаго з удзельнікаў скандальнага палёту - дзяўчыны па імені Ханна. Яна распавяла, што па ініцыятыве шведскага PR-агенцтва Studio Total была арганізавана акцыя «Дэсант медзведзянятаў», закліканая прыцягнуць увагу да праблемы парушэння правоў чалавека ў Беларусі. «Мы вельмі занепакоеныя свабодай слова ў Беларусі. Мы лічым, што Беларусь - частка Еўропы і яна досыць закрытая краіна», - заявіла Ханна.
Акцыя прайшла 4 ліпеня, калі адзначаўся Дзень незалежнасці Беларусі. Два шведскіх праваабаронцы на аднаматорным самалёце перасеклі літоўска-беларускую мяжу. Свае поўныя імёны яны не называюць, баючыся помсты беларускіх уладаў. Над горадам Івянец Мінскай вобласці яны раскідалі па вуліцах плюшавых медзведзянятаў, да якіх былі прымацаваны ўлёткі з лозунгамі ў абарону правоў чалавека. Затым яны падляцелі да Менска, праляцелі над мікрараёнам Малінаўка. На кадрах выразна бачны вуліцы і дамы гэтага мікрараёна. У цэлым яны правялі ў небе над Беларуссю паўтары гадзіны і, застаўшыся не заўважанымі беларускай сістэмай СПА, бесперашкодна вярнуліся ў Літву.
На наступны дзень пасля акцыі шведы выклалі ў інтэрнэт фатаграфіі, зробленыя ў палёце. У Беларусі ўспыхнуў скандал. Мясцовыя ваенныя паспрабавалі аспрэчыць факт парушэння мяжы. У прэс-службе Мінабароны паведамілі, што «эксперты, даследуючы прадстаўленыя фотаматэрыялы, выявілі грубую працу з ужываннем тэхналогій фоташопа, што сведчыць аб відавочна правакацыйным характары падачы інфармацыі». Але доўга адмаўляцца не ўдалося. Ужо ў пятніцу пагранслужба Літвы пацвердзіла факт парушэння сваёй мяжы з Беларуссю лёгкім аднаматорным самалётам, які ляцеў з хуткасцю 180 км/г. У той жа дзень з'явіліся паведамленні аб тым, што міліцыя ў горадзе Іванец хадзіла па вуліцах і падбірала цацачных мішак.
Беларускі кінадакументаліст Юрый Хашчавацкі заявіў, што ён бачыў кадры, выкладзеныя ў інтэрнэце, і не ўгледзеў там ніякага фота- або відэамантажу. На яго думку, тое, што здарылася - вельмі моцная абраза для беларускай дзяржавы і ўладам прыйдзецца прымаць меры ў дачыненні да вайскоўцаў, адказных за СПА. З іншага боку, эксперт нагадаў, што Расея мае сумесную з Беларуссю сістэму СПА і інцыдэнт можа стаць падставай для жорсткай размовы Масквы з Менскам. «Усё гэта даказвае, чаго каштуюць словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што ён надзейна абараняе заходнія межы Расеі», - адзначыў Юрый Хашчавацкі.