АМАП учыняе аблавы на нудысцкім пляжы пад Менскам (Фота)
73- 6.08.2012, 13:56
«Вы грамадзянін РБ? Тады выконвайце законы, надзеньце трусы»- заклікаў адпачывальнікаў АМАП.
У нядзелю па пляжы курсіравалі міліцыянты - адзін у форме, другі ў цывільным і строга ўнушалі адпачывальнікам: «Вы грамадзянін Рэспублікі Беларусь? Тады выконвайце законы, надзеньце трусы»! Адны неахвотна нацягнулі на сябе купальныя касцюмы. Найбольш прынцыповыя нудысты сышлі ў ваду па пояс, і адтуль, усміхаючыся, назіралі за тым, што адбываецца, піша «Комсомольская правда в Беларуси».
Варта было міліцыянтам знікнуць з пляжу, як нудысты зноў сцягнулі з сябе плаўкі. І дарма - з двух бакоў на паляну выйшлі 4 спецназаўца з дубінкамі. Тут ужо стала не да смеху.
- Ды яны тут чацвёрты дзень аблавы ўчыняюць! - прызнаўся адзін з адпачывальнікаў. - І што прыдумалі! Каля 16 гадзін дня падганяюць машыну прама да пляжу, з яе выскокваюць міліцыянты - і давай усіх фатаграфаваць. І нават калі ты нацягнуў потым плаўкі, яны паказваюць фота і кажуць: пройдзем. Тут ужо некалькім выпісалі штраф за дробнае хуліганства - ад 2 да 5 базавых (200 - 500 тысяч рублёў)!
Тым часам спецназаўцаў абступілі з усіх бакоў нудысты.
- Давайце пагаворым! Хіба гэта хуліганства - загараць без палосак? -Дзівіліся яны.
-Скардзяцца адпачывальнікі з іншых пляжаў? А чаго яны ходзяць на нашу паляну? Падглядваць? Ды і наогул, гэта дзікі пляж - тут ні буйкоў, ні ратавальнікаў. У нас прыстойныя людзі загараюць, інтэлігенцыя - урачы, настаўнікі. Сёння хлопец нагу параніў, так яму першую дапамогу аказалі самі адпачывальнікі. Мы ездзім сюды ўжо восем гадоў, і за гэты час на пляжы не адбылося ні аднога крадзяжа. А паглядзіце, што робіцца ў іншых месцах адпачынку - поўныя абрусы спіртнога, многія паляць, лаюцца матам.
Для справядлівасці трэба сказаць, што на нудысцкім пляжы публіка сапраўды прыстойная. Парадак падтрымліваюць самі адпачывальнікі, не смецяць.
- Я была на Камсамольскім возеры - там дзяўчыны топлес загараюць, і ніхто іх не ганяе. Ім можна. А што вы да нашага пляжу прычапіліся, - абуралася жанчына, загорнутая ў прасціну. Купальнік яна так і не апранула.
У нядзелю нудысты атрымалі маральную перамогу - наслухаўшыся гісторый, вартавыя парадку разгарнуліся і пайшлі.
- Ну ўсё, дружна здымаем плаўкі і загараем далей, - гучна сказаў загарэлы як галавешка мужчына, і ўсе засмяяліся.
- А што далей? Так лета ўжо сканчаецца... - па-філасофску і трохі сумна заўважыў ён.