Арцыбашаву далі трое сутак
4- 10.09.2012, 17:21
(абноўлена) 10 верасня суд Кастрычніцкага раёна Менска пакараў Аляксандра Арцыбашава - актывіста «Zмены» трыма суткамі адміністрацыйнага арышту.
Паколькі актывіст быў затрыманы 7 верасня і з таго часу знаходзіўся пад вартай, яго вызвалілі адразу пасля абвяшчэння рашэння суда, паведамляе праваабарончы сайт "Вясна".
Тым часам у судзе Маскоўскага раёна разглядаецца адміністрацыйная справа лідэра «Zмены» Паўла Вінаградава. Сведкамі выступаюць два супрацоўнікі міліцыі.
Вінаградаў і Арцыбашаў былі затрыманыя ў Менску 7 верасня.
Вінаградава затрымалі раніцай. Супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да моладзевага актывіста дадому і павезлі яго ва ўпраўленне ўнутраных спраў Маскоўскага раёна. Свае дзеянні яны нічым не тлумачылі. Суд над Вінаградавым павінен быў прайсці 7 верасня, але адміністрацыйны пратакол у дачыненні да актывіста адправілі на дапрацоўку да панядзелка.
Арцыбашава затрымалі ў пятніцу прыкладна ў 16.30 каля дома, дзе ён жыве.
Маладых людзей абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Трое сутак яны правялі ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
Варта адзначыць, што 5 верасня ў Менску ў сябе ў кватэры быў затрыманы яшчэ адзін актывіст «Zмены», Ягор Віняцкі. На наступны дзень суд Першамайскага раёна Менска прызнаў яго вінаватым у дробным хуліганстве (нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы) і пакараў 10 суткамі арышту.
На думку назіральнікаў, такім чынам улады напярэдадні Дня горада пастараліся ізаляваць ад грамадства моладзевых актывістаў, вядомых сваімі крэатыўнымі акцыямі з удзелам мяккіх цацак.