Калякіна папярэдзілі за «падрыў аўтарытэту ўлад»
27- 11.09.2012, 13:50
Палітык паведаміў сайту charter97.org аб вынясенні яму папярэджання Генпракуратурай.
Прычынай вынясення папярэджання сталі публікацыі Сяргея Калякіна ў СМІ, у якіх ён падвяргае крытыцы працу ЦВК. Папярэджанне было вынесена намеснікам генеральнага пракурора Мікалаем Куклісам.
Нагадаем, апазіцыйны палітык з'яўляецца членам Цэнтрвыбаркама з правам дарадчага голасу, каардынатарам кампаніі «За справядлівыя выбары» і старшынёй Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».
«Я атрымаў папярэджанне за тое, што ў інтэрнэце нібыта была размешчана ад майго імя інфармацыя аб парушэннях у выбарчай кампаніі, якая не адпавядае рэчаіснасці. У папярэджанні сказана, што мае заявы «носяць тэндэнцыйны характар, фактычна накіраваны на падрыў аўтарытэту ўлады і дэстабілізацыю грамадзянскай супольнасці», - сказаў Калякін.
Палітык лічыць папярэджанне незаконным.
«Улада хоча прымусіць мяне адмовіцца ад выбарчых праў, якія замацаваны ў Канстытуцыі. Я, як каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» сачу за выкананнем законнасці ў выбарчай кампаніі, фіксую парушэнні і распавядаю пра гэта людзям», - адзначыў ён.
Сяргей Калякін адзначыў, што ён неаднаразова казаў пра парушэнні падчас выбарчай кампаніі.
«Вядома, я даваў інтэрв'ю ў СМІ і выступаў у Цэнтрвыбаркаме, дзе паведамляў пра парушэнні. Пра тое, што пры фарміраванні выбарчых камісій апазіцыянераў уключаюць аднаго з дзесяці чалавек, а праўладных членаў - дзевяць з дзесяці. Калі кандыдатам адмаўляюць у рэгістрацыі пры тым, што пасля Вярхоўны суд адмяніў некаторыя рашэнні камісій. Казаў я і пра забароны і цэнзуры выступленняў кандыдатаў, пра адмову друкаваць агітацыйную прадукцыю. Усе гэтыя звесткі дакладныя і законныя, за іх мне не могуць выносіць папярэджанне», - распавёў лідэр партыі «Справядлівы свет» у інтэрв'ю сайту charter97.org.
Сяргей Калякін збіраецца абскардзіць вынесенае папярэджанне.