Расейскі бізнэсмэн распавёў аб катаваннях у Беларусі
67- 15.09.2012, 21:12
75-гадовага пажылога чалавека ў камеры-адзіночцы аблівалі халоднай вадой.
Кіраўнік ЗАТ «Кіруючая кампанія «Алмазхолдынг» Ісаак Узенберг расказаў удзельнікам інвестыцыйнага савета ўрада Калінінградскай вобласці аб тым, што яго прадпрыемства было захоплена рэйдэрамі, пакуль сам ён знаходзіўся ў беларускай турме. Узенберг вынес на абмеркаванне інвестсавета ў пятніцу праект аднаўлення на тэрыторыі рэгіёну алмазаапрацоўчай і ювелірнай вытворчасці, піша сайт «Новый Калининград».
«Прадпрыемства працавала шмат гадоў, уваходзіла ў Федэральную мэтавую праграму, у рамках якой у пачатку 2000-х гадоў планавалася федэральнае фінансаванне ў аб'ёме 267 млн рублёў. Але адбыўся рэйдэрскі захоп. Прадпрыемства зноў вярнулася да мяне толькі 5 траўня 2012 года», - сказаў Узенберг.
Паводле яго слоў, рэйдэрскі захоп прадпрыемства адбыўся, калі сам Узенберг апынуўся ў турме ў Беларусі.
«Уладзімір Ягораў папрасіў мяне дапамагчы стварыць прадпрыемства ў Беларусі, я дапамог, а потым мяне абвінавацілі ў махлярстве і пасадзілі ў казематы на 1,5 года», - распавёў Узенберг.
Ён таксама паведаміў, што яго, «75-гадовага старога чалавека ў камеры-адзіночцы аблівалі халоднай вадой». Ён дадаў, што яму ўсё ж потым удалося выйсці з турмы і ён змог «пасадзіць на 6 гадоў двух следчых беларускага КДБ».
«Яны назвалі мяне амерыканскім і ізраільскім шпіёнам, паставілі штамп у пашпарт і забаранілі на 2 гады ўезд у Беларусь», - дадаў бізнесмен.
Узенберг распавёў, што ўжо ўзбуджаная крымінальная справа па факце рэйдэрскага захопу яго прадпрыемства супраць аднаго з банкаў. Абсталяванне і маёмасць прадпрыемства, паводле яго слоў, было прададзена, пакуль бізнэсмэн знаходзіўся ў Беларусі.
«Алмазхолдынг» плануе аднавіць вытворчасць, набыць нерухомасць і абсталяванне. Па дадзеных урада вобласці, агульны аб'ём інвестыцый - больш за 142 млн рублёў, колькасць персаналу - 590 чалавек, плануемы ўзровень зарплаты - 39,9 тыс у месяц, штогадовыя падатковыя адлічэнні - больш за 1,2 млн рублёў. Ён звярнуўся да членаў савета з просьбай дапамагчы падабраць памяшканне плошчай 1 тыс кв. метраў з наступным выкупам.
«Яшчэ не вечар, даклад скончаны», - сказаў Узенберг пад апладысменты членаў урадавага савета па размяшчэнні інвестыцый.
Калі бізнэсмэну задавалі пытанні, высветлілася, што пасля адседкі ў Беларусі ён стаў дрэнна чуць, таму міністрам і чыноўнікам прыйшлося гаварыць гучней.