28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ГП удзельнічае ў фарсе да канца

158
ГП удзельнічае ў фарсе да канца

Кандыдаты ад «Гавары праўду» заявілі пра намер удзельнічаць у «выбарах» да канца.

Пра гэта стала вядома падчас савета кандыдатаў у дэпутаты, які адбыўся 17 верасня праз скайп.

У абмеркаванні ўдзельнічалі не толькі зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты, але і тыя, каму ў рэгістрацыі было адмоўлена. Рашэнне аб далейшым удзеле ў выбарах было прынята імі па выніках галасавання (19 «за», 4 «супраць»). Кіраўніцтва кампаніі ГП удзелу ў галасаванні не прымала, піша БелаПАН.

Ігар Маслоўскі, кандыдат у дэпутаты па Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 2, заявіў: «Калі ўвязаліся, то трэба ісці да фіналу. Людзі самі кажуць, што ў адваротным выпадку на «выбарах» не будзе альтэрнатывы».

Аляксандр Мікулін, кандыдат у дэпутаты па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе № 18, таксама падтрымаў далейшы ўдзел у кампаніі. «Выбаршчык станоўча паставіўся да нашых прапаноў і даў сваю згоду прадстаўляць яго ў «парламенце». Збор подпісаў паказаў, што людзі не вераць ні ўладзе, ні апазіцыі ў існуючым фармаце, а нам паверылі. Таму трэба працягваць удзельнічаць у «выбарах», тым больш, калі змагаешся з праўладным кандыдатам», - сказаў ён.

Зміцер Бандарчук, кандыдат у дэпутаты па Гродзенскай-Занёманскай выбарчай акрузе № 49, канстатаваў, што выбараў у краіне няма, а таму падлічваць галасы не мае сэнсу. «Але зафіксаваць парушэнні трэба. Арганізацыі, якія паставілі іншыя мэты (не перамога) на перадвыбарчую кампанію, часткова дасягнулі сваіх вынікаў. Зняліся яны ці не - гэта не галоўнае. Для нас жа важнай была праца ў полі: павялічваць пазнавальнасць новых лідэраў на месцах, распаўсюджваць ідэі ГП і гэтак далей. Таму лічу, што неабходна паслядоўна выканаць план працы да канца, бо значная частка выбаршчыкаў пазнаёміцца з кандыдатамі непасрэдна ў дзень галасавання», - мяркуе Бандарчук.

У той жа час Сяргей Парсюкевіч, якому было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам па Віцебскай-Кастрычніцкай акрузе № 20, лічыць, што «працягваць удзел у фарсе сэнсу няма». «Нашае зняцце пакажа нашу прынцыповую пазіцыю. І не трэба, спадары зарэгістраваныя кандыдаты, уводзіць у зман сябе і людзей. Лічу, што пара здымацца», - заклікаў ён.

Намеснік старшыні кампаніі ГП Андрэй Дзмітрыеў непасрэдна перад галасаваннем адзначыў важнасць прынятага рашэння:

«Яно павінна быць заснавана толькі на адным - на прынцыпах «Грамадзянскай дамовы», гэта значыць на тым, што нашы кандыдаты прадстаўляюць інтарэсы грамадзян, новай большасці».

Дзмітрыеў лічыць, што, калі змагацца за званне лепшага ўнутры апазіцыйнага круга, то да выніку гэта не прывядзе. «Я веру, што адзіны спосаб пераменаў у Беларусі - гэта зрабіць палітыку для беларусаў патрэбнай і цікавай. Тады мы можам разлічваць на давер грамадзян і ў тую хвіліну, калі ад іх будзе залежаць будучыня Беларусі. Мы першапачаткова гаварылі ім праўду пра гэтыя «выбары», не мелі ніякіх ілюзій. Мы казалі, што застанемся ў акругах і працягнем працаваць», - заявіў ён.

Як паведамлялася раней, 15 верасня сваіх кандыдатаў вырашылі зняць з «выбараў» Партыя БНФ і Аб'яднаная грамадзянская партыя.

Напісаць каментар 158

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках