29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Выбары» не адбыліся: яўка не перавысіла 44,7%

62
«Выбары» не адбыліся: яўка не перавысіла 44,7%

(абноўлена) Такія лічбы прыводзяць незалежныя назіральнікі.

Паводле канчатковых падлікаў вынікаў назірання актывістаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, акрэдытаваных на некалькіх сотнях выбарчых участкаў, сярэдняя яўка на «выбарах» па краіне склала 44,7%. Пры гэтым у Менску яўка склала і таго менш - 39,4%.

Рост выніковых лічбаў адносна прамежкавых, агучаных БХД учора ўвечары, тлумачыцца апрацоўкай дадзеных ад усіх назіральнікаў, а таксама тым, што да моманту падліку галасоў не былі вядомыя вынікі галасавання на даму, так як яно праходзіла ў таямніцы ад назіральнікаў.

Варта адзначыць, што ў Менску ўлады не вялі сябе так нахабна і не мелі такіх магчымасцей, як у рэгіёнах, каб так масава гнаць людзей на ўчасткі і збіраць подпісы па дамах. Напрыклад, у Оршы на 51-м участку 27-й акругі ў галасаванні ўдзельнічалі 718 чалавек. З іх 448 - на даму, што, безумоўна, выклікае вялікія падазрэнні ў сапраўднасці вынікаў галасавання на даму, паведамляе прэс-служба БХД.

Такім чынам, у цэлым «выбары» па краіне не адбыліся. Да таго ж факт, што амаль 18% выбаршчыкаў, па дадзеных незалежных назіральнікаў, былі загнаныя на ўчасткі прымусова падчас датэрміновага галасавання, і самі б у «выбарах», хутчэй за ўсё, не ўдзельнічалі.

Раней «выбары» у Беларусі не прызнавала беларуская дэмакратычная апазіцыя і міжнародная супольнасць. На гэты ж раз іх не прызнаў беларускі народ, адмовіўшыся ісці на ўчасткі і не паверыўшы, што гэтыя «выбары» могуць нешта змяніць.

Таксама нагадаем, што назіральнікі ад БХД масава былі недапушчаны да падліку галасоў, многія з іх былі папросту выгнаныя з участкаў. Усе гэтыя факты сведчаць аб татальнай фальсіфікацыі «выбараў» і масавых парушэннях заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, ні сама «выбарчая кампанія», ні працэс галасавання не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі.

Напісаць каментар 62

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках