20 красавiка 2024, Субота, 16:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таджыкістан хоча ў Мытны саюз

11
Таджыкістан хоча ў Мытны саюз

Мінэканамразвіцця і гандлю Таджыкістана заявіла аб намеры краіны ўступіць у МС.

Заява была распаўсюджана ў сераду падчас «круглага стала» «Мытны саюз і Таджыкістан: новыя перспектывы інтэграцыі», які праходзіць у сераду ў Душанбэ.

Круглы стол быў арганізаваны расейскім Фондам развіцця «Інстытут еўразійскіх даследаванняў» і Інстытутам эканомікі і дэмаграфіі Акадэміі навук Таджыкістана, у яго рабоце прынялі ўдзел прадстаўнікі адміністрацыі прэзідэнтаў Расеі і Таджыкістана, дэпутаты Дзярждумы Расеі і таджыкскага парламента, эксперты, члены ўрада Таджыкістана, перадае «Інтэрфакс».

«Уступленне Таджыкістана ў Мытны саюз стане значным крокам да інтэграцыі эканамічных сувязей з Расеяй і з іншымі краінамі, якія ўваходзяць у гэты Саюз», - гаворыцца ў заяве таджыкскага ведамства.

Членства ў МС дасць гарантыю бяспошліннага доступу таджыкскай прадукцыі на рынкі краін МС і прадаставіць магчымасць спрошчанага імпарту нафтапрадуктаў, драўніны, збожжа і іншых асноўных тавараў, важных для эканомікі Таджыкістана, лічыць Мінэканамразвіцця Таджыкістана.

Гэты тэзіс у ходзе працы «круглага стала» падтрымаў і амбасадар Расеі ў Душанбэ Юрый Папоў. Ён таксама адзначыў, што «хоць уступленне Таджыкістана ў Мытны саюз па зразумелых прычынах магчыма толькі пасля далучэння да гэтага аб'яднання Кыргызстана, але, тым не менш, гэтае пытанне ўжо зараз вельмі актуальнае».

Раней афіцыйны Душанбэ досыць асцярожна ацэньваў сваё магчымае ўступленне ў МС, матывуючы гэта адсутнасцю агульных межаў з краінамі-членамі Саюза. У прыватнасці, афіцыйныя асобы Таджыкістана казалі, што рэспубліка спачатку дачакаецца ўступлення ў МС суседняй Кіргізіі, якая мае мяжу з Казахстанам. Бішкек жа выяўляў жаданне стаць членам МС як можна ў больш сціслыя тэрміны.

Таджыкістан таксама імкнецца стаць членам Сусветнай гандлёвай арганізацыі і плануе завяршыць гэты працэс у бліжэйшыя два гады.

Расея і Казахстан - два найбуйнейшых гандлёвых партнёра Таджыкістана, на якія ў студзені-жніўні 2012 года прыйшлося 20% і 13,6% агульнага аб'ёму знешняга гандлю рэспублікі адпаведна.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках