«Ведомости»: Індыйскія Су-30 перададуць Беларусі
34- 27.09.2012, 9:20
Новыя знішчальнікі для ВПС Беларусі, якія паабяцала Расея, - гэта былыя індыйскія машыны Су-30, якія належаць карпарацыі «Іркут» і захоўваюцца ў Баранавічах.
18 былых індыйскіх знішчальнікаў Су-30К, якія належаць карпарацыі «Іркут» (уваходзіць у склад ОАК), могуць набыць з мэтай павышэння свайго патэнцыялу ВПС Беларусі. Пра гэта паведамілі менеджэр ОАК і чалавек, блізкі да Мінабароны Расеі, піша расейскае выданне "Ведомости".
21 верасня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на сустрэчы з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным 15 верасня «па ваенна-паветраным сілам агаворвалі шмат пытанняў, я папрасіў падтрымкі і яе атрымаў. У бліжэйшы час мы атрымаем сучасныя самалёты» (цытата па агенцтву «БелТА»). Па словах суразмоўцаў «Ведомостей», гаворка ішла менавіта пра гэтыя машыны. Прадстаўнік «Іркута» Алена Фёдарава ад каментароў адмовілася, як і прадстаўнік мінабароны Беларусі.
18 Су-30К былі пастаўленыя ў канцы 90-х гг. ВПС Індыі Іркуцкім авіязаводам як часовая мера, пакуль не быў гатовы да вытворчасці больш дасканалы знішчальнік Су-30МКІ па кантрактах 1996 і 2000 гг. на пастаўку і ліцэнзійную вытворчасць для індыйцаў 190 машын гэтага тыпу. У 2007 г. Індыя заключыла кантракт на пастаўку 18 Су-30МКІ ў абмен на вяртанне 18 Су-30К, якія перайшлі ва ўласнасць «Іркут» і, каб пазбегнуць выплаты расейскага ПДВ былі змешчаны на тэрыторыі 558-га авіярамонтнага завода на тэрыторыі беларускага горада Баранавічы. З тых часоў разглядаліся розныя варыянты лёсу гэтых самалётаў, кошт якіх былы прэзідэнт «Іркут» Аляксей Фёдараў ацаніў у 2011 г. не менш чым у $360 млн, - у прыватнасці, іх продаж Судану і В'етнаму, кажа чалавек, блізкі да «Расабаронэкспарт».
На думку беларускага вайсковага аналітыка Аляксандра Алесіна, нельга выключаць, што Беларусь расплаціцца з Расеяй за гэтыя машыны базай пад расейскую ракетную брыгаду ў раёне горада Ліда, якую можна было б абсталяваць ракетамі «Іскандэр». У гэтым выпадку ў радыусе дасяжнасці гэтых ракет апынуцца аб'екты ПРА ЗША ў Польшчы і база амерыканскіх ВПС там жа, якую плануецца стварыць у бліжэйшыя гады. І самі знішчальнікі Су-30 могуць быць мадэрнізаваны і абсталяваны новымі ракетамі «зямля - паветра», каб стварыць баланс базе ВПС ЗША ў Польшчы, мяркуе аналітык.
Па словах чалавека, блізкага да Мінабароны Расіі, наўрад ці будзе абраны такі складаны варыянт з размяшчэннем расейскай базы. Хутчэй за ўсё, Беларусь атрымае міждзяржаўны крэдыт, з дапамогай якога і расплаціцца з «Іркутам», а верне яго пастаўкамі з Менскага завода шасі колавых цягачоў для расейскіх ракет і іншых ваенных сістэм. Па словах ваеннага эксперта Канстанціна Макіенка, самым выгадным з камерцыйнага пункту гледжання варыянтам рэалізацыі 18 Су-30К быў б іх перапродаж ў Афрыку - у В'етнам больш выгадна пастаўляць новыя самалёты, а Беларусь можа расплаціцца толькі з дапамогай расейскіх крэдытаў.
Даведка:
У складзе ВПС Беларусі, па дадзеных даведніка Military Balance, налічваецца 23 знішчальніка Су-27 і 41 знішчальнік МіГ-29. Значная колькасць МіГ-29 была распрададзена Менскам пасля распаду СССР у Алжыр, Перу і іншыя краіны.