Вандалізм на полі Аршанскай бітвы
68- 8.09.2012, 16:26
Невядомыя скралі вянок, ускладзены да помніка загінулым воінам.
Зніклі таксама кветкі і свечкі, з якімі аршанскія актывісты напярэдадні наведалі месца гістарычнай бітвы пад Оршай. Знік і бел-чырвона-белы сцяг, які быў устаноўлены на абочыне дарогі каля вёскі Гацькаўшчына, перадае «Радыё Свабода».

Гэтая вёска - бліжэйшая да Крапівенскага поля, дзе 8 верасня 1514 года войскі Вялікага Княства Літоўскага перамаглі ўтрая большае маскоўскае войска.
На поле з плакатам-банэрам «Слава Оршы» апоўдні прыйшоў мастак Алесь Пушкін:
«Вянка каля помніка я ўжо не ўбачыў. Няма ні кветак, ні свечак. Засталася толькі бел-чырвона-белая стужка на вялікім мемарыяльным крыжы. Каля яго мы правялі малебен у памяць аб загінуўшых - я з дзецьмі, бард Андрэй Мельнікаў, яшчэ некалькі чалавек, якія прыехалі з Менска, у тым ліку прыхільнікі стварэння партыі БХД».
Бліжэй да абеду на полі з'явіліся супрацоўнікі міліцыі. Яны праверылі дакументы ў некаторых прысутных і перапісалі іх асабістыя дадзеныя.
Міліцыянты сказалі, што нічога не ведаюць аб выкраданні невядомымі вянка і сцяга. Не патлумачылі і таго, чаму поле нядаўна было ўзарана - хоць тут, акрамя травы, нічога ніколі не расло.
Поле Аршанскай бітвы паспяшаліся ўзараць невыпадкова: так робяць ужо не адзін год, каб стварыць нязручнасці тым, хто прыязджае сюды адзначыць Дзень беларускай вайсковай славы. З 1992 года тут праводзіліся бардаўскія фэстывалі «Аршанская бітва», але ў апошнія некалькі гадоў урачыстасці зрывала міліцыя.
З мінулага года фестываль змяніў фармат: яго пачалі праводзіць у іншых месцах, пра якія цяпер загадзя не гаворыцца. Стыхійна арганізоўваюцца некалькі міні-фестываляў, на якія з'язджаюцца аматары беларускай бардаўскай песні. Мінулай ноччу такі міні-фэстываль адбыўся на ўзбярэжжы Дняпра па ініцыятыве барда Андрэя Мельнікава.
Вось так выглядаў помнік у суботу ўвечары 8-га верасня.

Фота даслаў чытач charter97.org Алесь