Зміцер Бандарэнка вырашыў не вяртацца ў Беларусь
117
1:10, — Палітыка
Каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» лічыць, што 16 месяцаў ён знаходзіўся «у палоне» і больш карысці прынясе на волі.
Пра гэта былы палітвязень Зміцер Бандарэнка заявіў у інтэрв'ю charter97.org.
- Я прыняў рашэнне не вяртацца ў Беларусь. Лічу, што існуе рэальная пагроза майго новага арышту. Вы бачыце, што сёння адбываецца ў краіне. Маё вяртанне стане магчымым толькі ў выпадку вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў, зняцця судзімасцяў і нашай поўнай рэабілітацыі.
- Што канкрэтна паўплывала на прыняцце такога рашэння?
- З ліпеня я знаходзіўся ў Польшчы на лячэнні і планаваў вярнуцца на радзіму. Але пасля шведскага «плюшавага дэсанта» параноя ў Беларусі ўспыхнула з новай сілай. Вы ведаеце, што пасля нашага з Андрэем Саннікавым вызвалення некалькі разоў з боку ўлад па Беларускім тэлебачанні гучалі прамыя пагрозы ў наш адрас. Некалькі раней вызваленых палітвязняў паўторна адправіліся за краты, некаторыя сталі невыязнымі, некаторыя ў адным кроку ад новага арышту. Надзеі, якія цепліліся ў грамадстве, на хоць бы мінімальную нармалізацыю становішча ў краіне не апраўдаліся.
Апошняй кропляй у прыняцці такога цяжкага рашэння стала новае судзілішча над Зміцерам Дашкевічам.
Я заўсёды лічыў, што 16 месяцаў проста знаходзіўся ў палоне. І думаю, што больш карысці змагу прынесці краіне, знаходзячыся на свабодзе.
- Чым збіраецеся заняцца ў Польшчы?
- Працягнуць лячэнне і вучыцца. Мне прапанавалі ў рамках праграмы Каліноўскага прайсці двухгадовы курс паслядыпломнага навучання па спецыяльнасці «паліталогія». У цяперашні час актыўна вучу польскую мову.
- Ці збіраецеся прасіць палітычны прытулак?
- Вучоба ў Варшаўскім універсітэце дазваляе мне легальна знаходзіцца ў Польшчы, таму ў бліжэйшы час прасіць палітычны прытулак не планую. Але і вяртацца ў Беларусь, на жаль, не магу.
- Вы ўжо 15 гадоў у актыўнай палітыцы. Ці маеце намер працягваць палітычную дзейнасць?
- Лічу, што трыумф рэакцыі ў Беларусі будзе доўжыцца нядоўга. Абсалютная большасць людзей жадаюць пераменаў. 19 снежня 2010 года рэжым прайграў і сёння ўтрымліваецца толькі на дубінках. Сітуацыя ў Беларусі зменіцца значна хутчэй, чым думаюць некаторыя. Буду рабіць усё магчымае, каб еўрапейская трансфармацыя Беларусі адбылася як мага хутчэй.
- Ваша стаўленне да будучых «парламенцкіх выбараў»?
- Яшчэ знаходзячыся ў зняволенні, лічыў, што так званыя «выбары» можна ацэньваць толькі з адной кропкі гледжання: дапамогуць ці не дапамогуць яны вызваленню ўсіх беларускіх палітвязняў. Новы тэрмін Дашкевічу значна перавешвае дэмагагічныя развагі аб неабходнасці данясення партыйных цуд-праграм да насельніцтва.
Упэўнены, што, калі б адначасова з ад'ездам еўрапейскіх амбасадараў усе апазіцыйныя структуры заявілі аб сваім рашэнні не ўдзельнічаць у «выбарах», то ўжо даўно ўсе палітычныя вязні знаходзіліся б на волі. Часам разумная паўза слушней, чым бесталковыя клапатлівыя дзеянні. Зараз менавіта такі выпадак.
Фота тэлеканала «Белсат»
Напісаць каментар (117)
Экспарт
Новости партнеров





