28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірландыя стала старшынёй ЕЗ

1
Ірландыя стала старшынёй ЕЗ

У сталіцы Ірландыі, на цэнтральнай плошчы Дублінскага замка прайшла ўрачыстая цэрымонія ўзняцця сцяга Еўрапейскага звяза.

Яна адзначыла пераход да рэспублікі паўгадавога старшынства ў кіруючых органах ЕЗ, перадае ІТАР-ТАСС.

Папярэдняй дзяржавай-старшынёй Еўразвяза ў другой палове 2012 года быў Кіпр.

«Для Ірландыі гэта ўжо будзе сёмая такая місія, якая сімвалічна супадзе з 40-годдзем уступлення краіны ў Еўразвяз. За гэтыя чатыры дэкады нашыя адносіны з Еўропай палепшыліся ў разы, - заявіў прэм'ер-міністр Ірландыі Энда Кені, выступаючы перад прадстаўнікамі мясцовага парламента і членамі дыпкорпуса. - Сяброўства ў ЕЗ стала асновай для нашых эканамічных і сацыяльных зменаў. Яно несумненна дапамагло нам знайсці наша месца за еўрапейскім сталом, дало магчымасць атрымаць доступ да еўрапейскага рынку і стаць адной з самых адкрытых і дынамічных эканомік свету».

Кіраўнік ірландскага кабінета міністраў не змог не закрануць эканамічныя праблемы, з якімі ў цяперашні час сутыкаецца ЕЗ. «Мы не па чутках ведаем пра наступствы міжнароднага фінансавага крызісу. Грамадзяне Ірландыі і Еўразвяза павінны ведаць і разумець, што нам удалося дамагчыся станоўчых вынікаў, што мы ідзем па шляху аднаўлення, - адзначыў прэм'ер. - Матывам нашага старшынства будуць тры простыя рэчы: стабільнасць, новыя працоўныя месцы і эканамічны рост. І мы маем намер зрабіць канкрэтныя крокі для выканання гэтых задач».

Перад прысутнымі таксама выступіў віцэ-прэм'ер, міністр замежных спраў і гандлю Ірландыі Эйман Гілмар, які падкрэсліў, што бліжэйшыя шэсць месяцаў стануць асноватворнымі для аднаўлення Еўропы.

«2013 год будзе перыядам аднаўлення, як для рэспублікі, так і для Еўразвяза ў цэлым, - сказаў ён. - Ірландыя стане першай краінай, якая паспяхова завершыць фінансавую праграму дапамогі ЕЗ і МВФ, і стане прыкладам для ўсёй Еўропы».

Гілмар паабяцаў, што «ірландскі ўрад будзе імкнуцца аднавіць фінансавую стабільнасць на тэрыторыі ўсяго кантынента, каб стварыць умовы для павелічэння новых працоўных месцаў». Прычым тут, на думку віцэ-прэм'ера, неабходна надаць асаблівую ўвагу праблеме беспрацоўя сярод моладзі, якая дасягнула ў Ірландыі 20 адсоткаў. «Урад будзе імкнуцца працягнуць распачатую працу па пабудове банкаўскага саюза, якая мае ключавое значэнне для пераходу да наступнай фазы аднаўлення ЕЗ. Мы надаем асаблівую ўвагу развіццю гандлю, як з нашымі ключавымі міжнароднымі партнёрамі, так і ўнутры звяза, каб завяршыць працу па выбудоўванню агульнага рынку», - падкрэсліў ён.

Урачыстая цэрымонія завяршылася запускам у неба 40 паветраных шароў, якія сімвалізуюць 40 гадоў сяброўства Ірландыі ў Еўразвязе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках