20 красавiка 2024, Субота, 1:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гендырэктар «Менскмэблі» атрымаў 4 гады за хабар

11
Гендырэктар «Менскмэблі» атрымаў 4 гады за хабар

Генеральны дырэктар ААТ «Менскмэбля» прызнаны вінаватым у атрыманні хабару шляхам вымагання ў буйным памеры.

Таксама бізнэсмэна абвінавацілі ў завалоданні маёмасцю акцыянернага таварыства, перадае БелаПАН.

Судом Савецкага раёна Менска яму прызначанае пакаранне ў выглядзе 4 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, з пазбаўленнем права займаць кіруючыя пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на 3 гады.

Як высветлілі аператыўнікі службы БЭЗ, у лютым 2010 года гендырэктар заключыў дамову з кіраўніком аднаго з прыватных прадпрыемстваў Менска на здачу ў арэнду двух памяшканняў ААТ. Згодна з умовамі дамовы арэнды бізнэсмэн для паўнавартаснага ажыццяўлення сваёй гаспадарчай дзейнасці пачаў рамонтна-будаўнічыя работы ў памяшканнях кафэ і офіса, якія ён мог праводзіць самастойна, без удзелу дырэктара ААТ. Акрамя таго, пагасіць поўную суму арэнднай платы за першае паўгоддзе неабходна было толькі на працягу другога паўгоддзя.

Гендырэктар «Менскмэбля» вызначыў, што кафэ, якое належыць арандатару, павінна штомесяц мець прыбытак у памеры не менш 20.000 даляраў. Тады, пад пагрозай стварэння перашкод для вядзення бізнесу, ён стаў вымагаць штомесячны хабар у свайго арандатара ў памеры 20% ад сумы даходу прадпрыемства - 4.000 даляраў. Пры гэтым, прама канкрэтнай сумы хабару ён не называў, а дзейнічаў завуалявана. Напрыклад, некалькі разоў даваў зразумець дырэктару кафэ, што можа скасаваць з ім дамову арэнды памяшканняў, а менавіта: перыядычна ствараў штучныя праблемы для яго дзейнасці, зацягваў і адмаўляў у дачы розных узгадненняў для вядзення рамонту ў арандаваных памяшканнях, пагражаў адключыць электраэнергію, абмяжоўваў доступ работнікаў на прадпрыемства, тым самым прымушаючы ўладальніка кафэ да дачы хабару.

У лютым 2011 года кіраўнік кафэ, знаходзячыся ў службовым кабінеце генеральнага дырэктара ААТ «Менскмэбля», за спрыяльнае вырашэнне пытанняў у інтарэсах далейшай дзейнасці кафэ, паклаў яму на стол грошы ў суме 3.000 даляраў. Атрымаўшы хабар, гендырэктар паклаў яго ў сваю кішэню, пасля чаго быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

Акрамя таго, у рамках правядзення аператыўна-вышуковых і следчых мерапрыемстваў устаноўлена, што ў студзені 2011 года падсудны здзейсніў крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі грашовых сродкаў ААТ «Менскмэбля». Будучы генеральным дырэктарам ААТ, ён меў права распараджацца маёмасцю таварыства, адкрываць рахункі ў банках.

З мэтай сумяшчэння пакупкі ва ўласнасць іншамаркі і службовай камандзіроўкі, ён прыняў удзел у Міжнароднай мэблевай выставе, якая праходзіла ў Германіі. Пад выглядам набыцця ўзору мэблі на выставе, ён адкрыў у «Беларусбанку» карт-рахунак, знаходзячыся ў Германіі, зняў грашовыя сродкі «Менскмэблі» на асабістыя патрэбы і аплаты кошту набытага аўтамабіля.

Такім чынам, атрыманыя ў сваю падсправаздачу грашовыя сродкі на камандзіровачныя і гаспадарчыя расходы, ён выкарыстаў у асабістых мэтах, а таксама наўмысна завысіў свае выдаткі па камандзіроўцы пры складанні авансавай справаздачы аб нібыта панесеных выдатках, што склала 280 еўра.

У судовым пасяджэнні падсудны прызнаў сваю віну толькі ў здзяйсненні крадзяжу грашовых сродкаў ААТ, у атрыманні незаконных грашовых узнагарод вінаватым сябе ён так і не прызнаў.

Менскі гарадскі суд, разгледзеўшы пададзеную асуджаным скаргу, прысуд пакінуў без зменаў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках