У Доўску расейцы купілі аўтастанцыю пад казіно
66- 11.01.2013, 17:47
Жыхары асцерагаюцца, што тут адкрыюць прыдарожны «бардэль».
Касір доўскай аўтастанцыі распавяла карэспандэнту charter97.org пра тое, што працаваць аўтастанцыя будзе да канца ацяпляльнага сезона, г.зн. да 1 красавіка, пасля чаго пяройдзе ва ўласнасць новым уладальнікам - расейцам.
Актывіст незалежнага прафсаюза РЭП Аляксей Паўлоўскі адным з першых заўважыў змены, якія закранулі аўтастанцыю.
«Я ўвесь час езджу ў гэтым кірунку. Аб'ява аб тым, што прадаецца аўтастанцыя вісела паўтара года. З будынка ўжо знялі шыльду «Доўск», а касіры сядзяць на валізках і нічога не ведаюць пра свой лёс.
Не выключана, што замест аўтастанцыі можа з'явіцца звычайны прыпынак без касіраў. У сувязі з гэтым я рыхтую зварот у Гомельаблаўтатранс, каб яны захавалі станцыю, так як яна знаходзіцца на важным скрыжаванні дарог. Я падазраю, што казіно будзе ні чым іншым, як прыдарожным бардэлем», - кажа Аляксей Паўлоўскі.
У Гомельаблаўтатрансе растлумачылі, што аўтастанцыя з'яўляецца стратнай і пытанне аб яе закрыцці стаяла ўжо даўно.
«Новы ўладальнік не супраць таго, каб да яго заязджалі аўтобусы з людзьмі, а ў яго будынку знаходзілася каса па продажы квіткоў. Аднак мы не выключаем таго, што людзі будуць звольненыя і квіткі будуць прадавацца на прыпынках самімі кіроўцамі. Гэтае пытанне будзе ў бліжэйшы час узгадняцца з мясцовымі ўладамі», - адказалі ў прыёмнай Гомельаблаўтранса.
Варта адзначыць, што Доўск з'яўляецца адным з зыходных пунктаў у раёны, якія найбольш моцна пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы. Вёска размяшчаецца на сярэдзіне шляху паміж Магілёвам і Гомелем, у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. У вёсцы пражывае каля двух тысяч чалавек.