29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Забарона не працуе: «Чарніла» у вольным продажы

37
Забарона не працуе: «Чарніла» у вольным продажы

Паводле старшыні ўраду Міхаіла Мясніковіча, Савет міністраў прыняў рашэнне ад 1 студзеня 2013 году спыніць выраб і продаж пладова-ягадных він, якія ў народзе называюць «чарнілам».

Меркавалася, што замест яго вінзаводы пачнуць вырабляць больш якасныя, «палепшаныя» віны.

Ці выканана гэтае рашэнне? У Гомелі у крамах з вітрынаў ня зніклі такія звыклыя для аматараў «чарніла» віны, як «Лаура», «Лучыстае», «Беліцкае» ды іншыя, кошт якіх вагаецца ў межах 12–16 тысяч рублёў, паведамляе «Радыё Свабода».

Віны «Лучыстае», «Лаура» ды ім падобныя прапануюць у Гомелі ўсе без выключэння крамы «Корзинка», «Родная сторона», якія ўваходзяць у сетку чатырох раённых акцыянерных гандлёвых таварыстваў.

«У гэтым годзе прывозілі. Віны гэтыя штодзённага попыту — Гомельскага вінзаводу. Я ня ведаю, чым яны горшыя ці лепшыя. Я чула, што ня будуць прадаваць. Купляюць іх аматары, і вельмі хутка яны разыходзяцца», - кажа прадавец крамы № 21 на вуліцы Савецкай.

Тое ж самае кажа і спецыяліст аддзелу спіртовых напояў крамы «Корзинка»:

«Вядома, карыстаюцца попытам, асабліва ў вечаровы час — «Лучыстае», віны ў вялікіх бутэльках, напрыклад, «Над Сожам» і ўсё такое».

У рэгіянальнай управе гандлю патлумачылі, што забарона ўраду была не на продаж, а менавіта на вытворчасць нізкагатунковых вінаў:

«Пастанова была ад 27 лістапада 2012 году № 1081. Згаданай пастановай вытворцам даведзена нулявая квота на выпуск непалепшаных, моцных вінаў.

Што да гандлю — давайце глядзець рэальна: калі купляюць і бяруць, значыць, даход расце, і мы працуем. А хто вырабляе, таму і трэба пытанні задаваць: чаму вырабляеце?»

У фірмовай краме «Колас» Гомельскага вінзаводу кажуць, што не адчулі на сабе забароны, прадугледжаных урадавай пастановай, бо й без таго выпускаюць палепшаную прадукцыю:

«Ідуць віны палепшаныя і па спецтэхналогіі. Мы іх даўно выпускаем, таму не адчулі на сабе тую пастанову, тыя забароны, якія распаўсюджваліся на віны ардынарныя. Іх у нас проста няма. Нашы віны ўсе натуральныя, мы толькі натуральную сыравіну выкарыстоўваем. Не выкарыстоўваем ні фарбавальнікаў, ні араматызатараў — нічога такога. Усе віны натуральныя і адрозніваюцца толькі тым, што ў адных больш натуральнага браджэння, у іншых — менш. Гэта значыць, больш замацоўваюцца спіртам альбо менш».

У аматараў танных вінаў свой погляд на якасць. Пра гэта, у прыватнасці, разважае спадар Вячаслаў, які толькі што набыў 3 бутэлькі віна «Лаура»:

«Усё адно: што тое балда, што гэтае балда. Керагазіцца незразумела што і з чым. «Аура — Лаура». А хто была Лаура? Каханка Пятраркі. Спірту тут 18 працэнтаў, цукру 50 г/л, харчовая дабаўка, антыакісляльнік Е-224. Тэрмін захавання з даты разліву — 8 месяцаў. А што гэта за віно, калі спірт? Абяцалі, што прыбяруць бырла і пачнуць вырабляць якаснае віно. Дык я вам скажу, што гэтае якаснае віно нічым не адрозніваецца — адрозніваецца толькі коштам».

Магілёўшчына: «Чарніла»? Калі ласка!

У Магілёве забароны на продаж недарагога пладова-ягаднага віна няма, існуюць толькі часавыя абмежаванні. Прадаваць «чарніла» дазволена на працягу 5 гадзінаў у суткі. Асноўныя пакупнікі — людзі, якія ня могуць дазволіць сабе алкаголь больш якасны і дарагі.

Паліцы з «чарнілам» у буйных крамах — у самым нізе алкагольных стэлажоў. Сёння я стаў сведкам таго, як у адной з крамаў прадаўцы спешна перастаўлялі ўніз бутэлькі з недарагім «віном». Чым выклікана такое парадкаванне, высветліць не ўдалося.

Гутарым з мужчынам, які хавае ў кішэні адразу дзве бутэлькі віна:

- Дарагое яно ці не?

- Не, таннае. Адзінаццаць тысяч!

- І шмат яго тут?

- Хапае. На ўвесь Магілёў хопіць.

Кошт паўлітровай бутэлькі «чарніла» вагаецца ад 11 да 20 тысяч рублёў. Ці ўхваляюць аматары выпіўкі забарону на продаж «чарніла»? Адно зь меркаванняў:

«У каго мала грошай, таму дрэнна. 50 тысяч гарэлка каштуе — ня кожны купіць. У каго мала грошай, купляе віно. Пятнаццаць тысяч — 0,7 літра каштуе віно, а 0,5 — 11 тысяч. Значыць, вытворцу выгадна так прадаваць», - гавораць яны.

Абмежаванні на продаж недарагога пладова-ягаднага ў Магілёўскай вобласці ўвялі больш за год таму. А ці збіраюцца наагул забараніць яго продаж — пацікавіўся ў аддзеле арганізацыі гандлю Магілёўскага гарвыканкаму.

«Каб наагул зняць з продажу — такога дакументу пакуль не было. На ўсіх узроўнях ідзе прапрацоўка. Гэты дакумент пакуль на разглядзе ў вобласці. Ідзе такое ўрадавае даручэнне».

Паводле старшыні ўраду Міхаіла Мясніковіча, Савет міністраў прыняў рашэнне, што ад 1 студзеня 2013 году спыняецца выраб і продаж пладова-ягадных він. Пра гэта ён заявіў 21 лістапада 2012 году, калі наведваў гандлёва-лагістычны цэнтар прадпрыемства «Менск-Крышталь».

Што да Магілёўскай вобласці, то за час абмежаванняў спажыванне пладова-ягаднага віна зменшылася, як заяўлялі летась у чэрвені афіцыйныя крыніцы, з чатырох да дзвюх з паловай бутэлек на чалавека ў месяц.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках