29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыя зладзіла аблавы на гей-вечарынах

Міліцыя зладзіла аблавы на гей-вечарынах

На гэтых выходных міліцыя здзейсніла дзве аблавы на клубы, дзе сабраліся прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці.

Пра гэта распавёў naviny.by старшыня праваабарончага праекта «Гей-Беларусь» Сяргей Андросенка.

Першы інцыдэнт адбыўся ў ноч з пятніцы на суботу ў менскім клубе «6А». Міліцыя ўварвалася ў клуб, заблакавала выхад і перапісала звесткі ўсіх, хто знаходзіўся там. «У клубе тады было блізка што 100 чалавек, - распавёў Сяргей Андросенка. - Пад палову другой ночы да клубу пад'ехаў аўтобус, дзе знаходзілася блізка што 10 міліцыянтаў, частка з іх была ў цывільным, частка - у форме. Выхад яны заблакавалі. Калі мы спыталі, што адбываецца, нам адказалі, што міліцыя шукае злачынцу, які збег з калоніі. Яны ўсім паказвалі фотаробат гэтага нібыта ўцёклага злачынца. І пры гэтым перапісалі звесткі ўсіх наведнікаў вечарыны, таксама ва ўсіх пыталіся, што яны робяць у клубе».

У ноч з суботы на нядзелю аналагічны выпадак адбыўся ў віцебскім клубе «XXI стагоддзе»: «Пад адзінаццаць гадзін вечара ў клуб прыехалі два супрацоўнікі паставой службы. Яны заявілі, што ведаюць, што ў клубе праходзіць «акцыя сэкс-меншасцяў», дзесьці гадзіну яны сачылі за тым, хто прыходзіць у клуб, уважліва ўсіх разглядалі... Праз паўгадзіны пасля таго, як яны сышлі, у клуб забеглі супрацоўнікі міліцыі і спецназа. Яны адразу загадалі ўсім стаць да сценак: хлопцы з аднаго боку, дзяўчаты - з другога. Яны перапісвалі звесткі ўсіх прысутных у клубе, патрабавалі ў кожнага назваць месца жыхарства і месца працы, а таксама здымалі ўсіх на відэакамеру. Варта заўважыць, што з хлопцамі абыходзіліся даволі груба, яны ж разумелі, што хлопцы - гомасэксуалы, і некаторыя з уварванцаў у клуб паводзіліся абразліва».

Як і ў першым выпадку, высветліць, з чым звязаная «аблава», не выпала. «Розным людзям яны адказвалі рознае: то казалі, што ад наркакантролю паступіла скарга на тое, што ў клубе распаўсюджваецца марыхуана, то што міліцыя шукае ухілістаў, - дадаў Андросенка. - Часта груба адказвалі, што калі нешта не падабаецца, то зараз усіх адвязуць у аддзел міліцыі».

Старшыня праваабарончага праекту «Гей-Беларусь» кажа, што не разумее як след, адкуль такая цікавасць да акцый ЛГБТ-супольнасці: «Вельмі дзіўна, што два дні запар на нашых вечарынах адбываліся гэткія аблавы. Калі такое працягнецца, то можна будзе казаць пра тое, што сёння ў Беларусі, як гэта раней рабілася ў СССР, складаюцца спісы гомасэксуалаў. Магчыма, наша чыннасць апошнім часам раздражняе ўлады, і гэта былі спробы запалохаць нас».

Андросенка падкрэсліў, што і ў Менску, і ў Віцебску праходзілі выключна забаўляльныя вечарыны без усялякага сацыяльнага або палітычнага падтэксту. «У нас часам бываюць акцыі, сходы, з'езды, дзе мы гаворым аб правах, грамадзянскіх дзеяннях. Але на гэтых выходных мы праводзілі выключна забаўляльныя вечарыны. Наша мэта была - даць людзям магчымасць сабрацца разам, адпачыць. Бо ў геяў і лесбіянак не так шмат гэткіх магчымасцяў, асабліва ў рэгіёнах». «Я мяркую, што, ладзячы вечарыны, мы не робім нічога супрацьзаконнага: непаўналетнiх мы не пускаем, алкаголь міма касы не прадаем, наркотыкі не распаўсюджваем. Маё сумленне як арганізатара спрэс чыстае», - дадаў ён.

Цяпер, са слоў Андросенкі, прадстаўнікі праваабарончага праекта «Гей-Беларусь» рыхтуюць скаргі ў УУС Віцебскага і Менскага аблвыканкамаў. «Мы хочам напісаць, што за акцыю мы праводзілі, паспрабуем высветліць, у рамках чаго праходзіў перапіс наведнікаў нашых вечарын, а таксама хочам даведацца пра імёны службовых асоб, якія займаліся гэтай праверкай. Мы будзем скардзіцца на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі, якія не называліся на нашую просьбу, а ў выпадку з віцебскай вечарынай і на іхныя грубыя паводзіны», - распавёў ён.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках